Фільм пачынаецца і заканчваецца цытатай з Фолкнэра: “Мінулае ня мёртвае. Яно нават не мінулае”. А ўсярэдзіне – дзьве гісторыі, разьдзеленыя часавым прамежкам у 63 гады. Адну распавядае сябра Глыбоцкай групы Саюзу Беларускіх Патрыётаў Марыя Бабіч (Бялевіч), якая ў 1947 годзе была асуджаная на 10 гадоў лягероў. Другую – дзяўчына Аляксандра, якая ў 2010 годзе атрымала 10 сутак за Плошчу.
Абедзьве гэтыя гісторыі, як чырвонай ніткай, прашытыя вобразам Сталіна, які раз-пораз усплывае ў кадрах кінахронікі. Час нібы спыняецца. Становіцца страшна.
“Фільм сам прасіўся яго зьняць”
Як прызнаўся пасьля прагляду аўтар стужкі Віктар Корзун, кіно стваралася не зусім натуральным чынам – “не ад задумкі да рэалізацыі”. Ідэю падказаў сам матэрыял.
Падчас імпрэзы ў Віцебску
Пачынаючы яшчэ зь 1990-х, рэжысэр здымае своеасаблівы архіў “Галасоў стагодзьдзя”. І калі ў 2011-м былі запісаныя інтэрвію з гераінямі, аўтар быў уражаны, наколькі іх гісторыі “паралельныя”, наколькі падобныя.
“Нават не падобныя – яны рыфмуюцца. Таму фільм сам прасіўся, каб яго зьняць”, – гаворыць Віктар Корзун.
Ці варта асуджаць камунізм?
Самае гарачае (і балючае) пытаньне, якое ставіць перад гледачамі стужка: што рабіць, каб гэтыя жахлівыя паралелі рэпрэсій не цягнуліся ў будучыню? Магчыма, падказка ёсьць у самім фільме. Абедзьвюх гераінь у самым канцы запытваюць, ці трэба судзіць людзей, вінаватых у рэпрэсіях, і ці варта асуджаць камунізм як бесчалавечную ідэалёгію. У фільме гучыць – паралельна – станоўчы адказ: так, абавязкова.
“Але пытаньне застаецца адкрытым, – лічыць прадусарка фільму Кася Камоцкая. – Бо як дзяржава, так і ўсё грамадзтва ня тое што не гатовыя да асуджэньня таталітарнай сыстэмы, а проста нават не ўздымаюць гэтае пытаньне”.
Абмеркаваньне было гарачым
Удзельнікі дыскусіі, якая ўзьнікла пасьля прагляду стужкі, згаджаюцца са сьпявачкай. “Ну як мы можам асудзіць камунізм, калі сам кіраўнік дзяржавы трымае партбілет пад падушкай?” – гучыць з залі.
“Асудзіць практыку палітычнага таталітарызму? Але як яго асудзіць, калі гэтая практыка працягваецца дагэтуль?” – выказвае меркаваньне яшчэ адзін глядач.
Хтосьці – з горкай іроніяй у голасе – гаворыць пра тое, што калі беларусам загадаюць асудзіць зьверху, то ўсё атрымаецца найлепшым чынам – асудзім што заўгодна…
Каб не было “паралельна”
Але ўсе сыходзяцца на думцы, што гістарычныя паралелі рэпрэсій перарвуцца толькі тады, калі самому грамадзтву будзе “не паралельна”, што зь ім адбываецца тут і цяпер. А для гэтага трэба яго інфармаваць і будзіць. Менавіта тое і робіць фільм Віктара Корзуна “Паралелі. Такое рознае падабенства”.
Віктар Корзун абяцае, што фільм неўзабаве можна будзе паглядзець у інтэрнэце
“Цяпер такі момант, калі пара ўжо ўсім уключаць мазгі. І гэты фільм уключае мазгі”, – кажа адна глядачка.
Прэзэнтацыя фільму ў Віцебску адбылася пры падтрымцы ПЦ “Вясна”. Апроч Віцебску, фільм пабачылі ўжо жыхары Гомля, Рэчыцы, Бабруйску, Маладэчна і Полацку. Напрыканцы рэжысэр паабяцаў, што неўзабаве кіно зьявіцца ў вольным доступе ў інтэрнэце.
Кася Камоцкая
Імпрэза ў Віцебску, якая прайшла ў арт-пабе “Торвальд”, скончылася невялікім канцэртам Касі Камоцкай.
Зьміцер Міраш, фота аўтара