“Працы ўзгодненыя і вядуцца па дамове зь Інстытутам гісторыі. У межах дамовы пад нагляд трапіла частка трасы каля тэатру “Лялька” – 40 мэтраў. У зямлю ўжо ўвайшлі. Калі капалі, усё было зафіксавана і замалявана. Былі сабраныя знаходкі, гэта кераміка XIX ст”, – паведаміў Аляксей Белавусаў.
Раскоп каля "Лялькі"
Працы па Пушкіна – без нагляду
Пры гэтым навукоўца адзначыў, што, паводле заканадаўства, працы, якія вядуцца ў заходняй частцы Верхняга замку – уздоўж тэатру Якуба Коласа па вул. Пушкіна, пад археалягічны нагляд не трапляюць. Чаму?
“Справа ў тым, што працы там праводзяцца па старому рэчышчу цеплатрасы, дзе ўжо ляжалі іхнія трубы. Там яны ляжалі ў вялікіх шуфлядках, і цяпер ўсё гэта ўскрываюць. З гістарычнага пункту гледжаньня цікавасьці гэта прадстаўляць ня можа, таму што слаі там перакладзеныя. То бок яны могуць быць чорныя і прыгожыя, і бервяно можа трапляцца, усё што заўгодна. Але суаднесьці яго з чымсьці і зрабіць археалягічную картаграфію немагчыма. Там мешаніна атрымалася”, – патлумачыў Аляксей Белавусаў.
Працы на вул. Пушкіна ў Віцебску вядуцца ад жніўня
“Натрапіць на знаходкі можна, бо пры ўскрыцьці старога магло штосьці выйсьці, што закапалі яшчэ ў 1970-я. Але ў гістарычным пляне тое месца цікавасьці не прадстаўляе”, – сьцьвердзіў яшчэ раз .
Запэўніў, што ў гістарычнай частцы гораду “нічога страшнага не адбываецца”, бо збудаваньні Верхняга замку (выяўленыя падчас раскопак 1978 году – заўв. ВВ) “закансэрваваныя і знаходзяцца пад мэмарыялам Машэраву, а ў той частцы ніякія працы не вядуцца”.
Тэхналёгіі і грошы – і будзе музэй…
Тое, што зараз ляжыць “пад Машэравым”, у 1982 годзе магло стаць помнікам археалёгіі X-XVII стагодзьдзяў. Але ня стала – раскоп засыпалі зямлёй.
1978 год. Археалягічныя раскопкі Ткачова і Калядзінскага на Верхнім замку ў Віцебску. Фота з часопісу "ARCHE Пачатак". Аўтар фота - Міхаіл Шмерлінг
Як мяркуе Аляксей Белавусаў, вяртаньне да ідэі стварэньня ў Віцебску музэю Верхняга замку цалкам магчымае. Але, каб ажыцьцявіць яе, патрэбныя тэхналёгіі і грошы.
“Чаму так атрымалася тады? Проста не было грошай на ўтрыманьне, таму было прынятае рашэньне закансэрваваць. Наколькі мы з тых часоў сталі багацейшыя – цяжка сказаць…” – гаворыць гісторык.
“Тое, што там ляжыць, уяўляе вялікую каштоўнасьць. Было б вельмі цікава. Але як яно будзе стасавацца з мэмарыялам Машэраву – гэта пытаньне, вырашэньне якога будзе залежыць ад палітычнай волі кіраўніцтва. А ў пляне музэіфікацыі – ня бачу ніякіх праблем”, – дадаў Аляксей Белавусаў.
Зміцер Міраш