“На маю думку, будаўнікі, якія праводзяць рамонт цеплатрасы на вуліцы Пушкіна ў Віцебску, пашкодзілі культурны слой у той частцы гораду, якая мае статус ахоўванай дзяржавай гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Калі гэта сапраўды так, то такія дзеяньні падпадаюць пад крымінальны перасьлед вінаватых асобаў”, – мяркуе віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.
Працы вядуцца на вуліцы Пушкіна ў Віцебску. каля тэатру імя Якуба Коласа
Тое, што зараз адбываецца на тэрыторыі Верхняга замку ў Віцебску, ён называе вандалізмам і патрабуе, каб пракуратура спыніла працы ў гістарычнай частцы гораду.
“Лічу, што дзяржаўныя органы мусяць зрабіць неадкладныя захады, каб спыніць вандалізм. У прыватнасьці – каб пракуратура гораду Віцебску прыпыніла рамонтныя працы і пры дапамозе археолягаў ацаніла шкоду, якую прычынілі будаўнікі ў гістарычнай частцы Віцебску.
У выпадку, калі факт зьнішчэньня альбо пашкоджаньня гісторыка-культурнай каштоўнасьці будзе ўстаноўлены – прыцягнуць іх да адказнасьці згодна зь дзейным заканадаўствам”, – гаворыць Леанід Сьвецік.
Рэшткі драўніны, вырытыя экскаватарам на тэрыторыі Верхняга замку ў Віцебску
На жаль, “Віцебскай вясьне” пакуль што не ўдалося атрымаць камэнтар і ацэнку незалежных адмыслоўцаў-археолягаў, а галоўны спэцыяліст Андрэй Бялецкі, які курыруе ў гарвыканкаме пытаньні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, знаходзіцца ў адпачынку.
Зьміцер Міраш, фота аўтара