Паводле словаў Андруся, той праект быў вельмі пасьпяховым, але яго закрылі, бо ён сябе ўжо вычарпаў. Немагчыма на працягу доўгага часу рабіць адно і тое ж і заставацца пасьпяховым. Трэба ўвесь час мяняцца, у тым ліку і тэлевізійнаму фармату, патрэбная ратацыя.
Увагу гледачоў Андрусь прыцягваў ня толькі тым, што добра і свабодна размаўляе на беларускай мове, але і тым, што мае нехарактэрны для нашага рэгіёну цёмны колер скуры. Ягоная маці – беларуска, а бацька родам з далёкай Рэспублікі Чад, што ў Цэнтральнай Афрыцы. Яго дзяцінства прайшло ў вёсцы Чэрцы ў Лепельскім раёне, дык што можна сказаць, што ён прыехаў на сваю малую радзіму.
Паводле адукацыі Андрусь Такінданг – мастак-жывапісец, скончыў менскую гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры. Піша карціны акрылам і алоўкам. Удзельнічаў у розных выставах. Аўтар сэрыі карцін «Крыжовы шлях» на рэлігійную тэматыку, выканаць якую папрасіў яго знаёмы ксёндз для касьцёла. Праца над імі далася Андрусю няпроста:
«Я маю страх перад рэлігійным мастацтвам, таму што ёсьць цудоўнае рэлігійнае мастацтва 15-16 стагодзьдзя, а потым пайшло ўсё горш і горш. І думаеш: навошта рабіць рэлігійную папсу ў мастацтве? Але затым я сутыкнуўся зь беларускім іканапісам 19 стагодзьдзя. Гэта наіўнае мастацтва. Інсітнае мастацтва. То бок калі непрафэсійныя мастакі спрабавалі маляваць як прафесійныя. У іх гэта не атрымлівалася, але атрымлівалася неяк своеасабліва, па-свойму, крыху па-дзіцячаму. Аднак у гэтым была мастацкая праўда. І я падумаў: можа быць, такім чынам паспрабаваць зрабіць «Крыжовы шлях», каб гэта была крыху па-дзіцячаму, трохі інсітна, трохі наіўна, але каб не было безгустоўна».
Падчас сустрэчы госьць сьпяваў песьні, распавядаў пра сваё дзяцінства, пра творчасьць, пра натхненьне, пра каханьне, дзяліўся сваімі развагамі і адказваў на пытаньні.
На пытаньне, адкуль ён чэрпае натхненьне для творчасьці, Андрусь адказаў: «Дарогі, па-першае. Нейкія паўразмовы. Мы часта размаўляем адно з адным, потым ідзем, а ў галаве яшчэ круціцца гэтая размова, што была. І ты размаўляеш яе у сваёй галаве, недаразмаўляўшы з чалавекам. І потым гэта фармуецца ў нейкія паўсловы, словы зьбіраюцца ў тэксты. То бок адзін аднаго людзі натхняюць. Вядома, што прырода, яна не натхняе безь людзей. Мяне ў прыватнасьці. Краявіды не натхняюць, архітэктура не натхняе безь людзей. Я жыву ў чалавекацэнтрычным сьвеце, і атрымлівае прыгажосьць і прырода, і архітэктура, калі яна зьвязаная зь людзьмі, зь нейкімі асобамі. Бывае, ты ідзеш проста, а побач – раз, прайшоў чалавек у чырвоных ботах, а зь ім дзяўчына ў чорным. Яны ішлі, сварыліся. Цябе зачапілі плячом. Ты прайшоў, і цябе як ударыла – і ты адразу пачынаеш нешта прыдумляць. Гэта такое тонкае адчуваньне. Натхняюць вось такія тонкія зьявы. А яшчэ бывае, ты паслухаеш якую-небудзь клясную музыку, і думаеш: вось крута, трэба нешта такое таксама зрабіць».
Падчас сустрэчы Андрусь выконваў песьні з рэпэртуару гурта «Рэха», які ён стварыў са сваімі сябрамі, калі яшчэ вучыўся ў старэйшых клясах каледжу. Пачыналі яны як рок-гурт, але з рокам не атрымалася і давялося шукаць новыя жанры. На цяперашні момант, паводле Андруся, гэта шансон.
У канцы сустрэчы яму было зададзенае пытаньне, кім ён сябе лічыць – беларускім афрыканцам або афрыканскім беларусам. «Беларускім афрыканцам», – зь невялікай ноткай зьбянтэжанасьці адказаў Андрусь.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2802-u-vitsebsku-prajshla-sustrecha-z-belaruskim-afrykantsam#sigProIde840a5367d
Уладзімер Бяляўскі
Фота: vk.com/movavit