Чаму такая інтрыгуючая назва кнігі? Усё вельмі проста. Яна ўтвораная па аналёгіі са словазлучэньнем «Не сьмяшыце мае Іскандэры», якое стала папулярным у Расеі пасьля анэксіі Крыму і ўведзеных санкцыяў, бо ракетныя комплексы «Іскандэр», на думку некаторых расейцаў, ёсьць сымбалем моцы зброі іх дзяржавы.
Паводле словаў Вінцука: «У нас сваіх Іскандэраў няма. Але, можа быць, у нас ёсьць нешта мацнейшае за любыя Іскандэры. Гэта наша мова. У якой, як гэта ні парадаксальна, часта хаваецца неацэнены магутны патэнцыял самаабароны і тая мяжа, якая не дазваляе "рускаму сьвету" нас заваяваць».
Гэта ўжо другая кніга нарысаў, выдадзеная аўтарам пра беларускую мову. Першая выйшла ў «Бібліятэцы Радыё Свабода» ў 2016 годзе пад назвай «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам». Яна складалася з тэкстаў, што гучалі ў этэры і публікаваліся на сайце беларускай службы Радыё Свабода.
Новая кніга распавядае чытачам пра невядомыя або малавядомыя факты пра нашу мову, раскрывае яе багацьце і натхняе размаўляць па-беларуску. Яна вучыць казаць дакладна і прыгожа ня толькі ў сям'і, але і ва ўнівэрсытэце, у краме – усюды, дзе гэта толькі магчыма. Вось як сам аўтар пра гэта піша на пачатку зборніка:
«Пражыць дзень па-беларуску. Чуць беларускія словы – ад крамніцы да страхавога агента і паліцыянта. На дарожных паказальніках бачыць не Акцябарскія-Кіраўскі-Дзяржынскі, а спрадвечныя беларускія назвы гарадоў і вёсак. Дзецям спазнаваць у школе беларускія назвы сузор'яў ды зьвяртацца да настаўніцы "спадарыня". Такая Беларусь цалкам магчымая. Таму сягаю ў розныя сфэры жыцьця й пазнаньня, учытваюся ў тэксты іншых дасьледнікаў – толькі каб пераканацца: па-беларуску вычарпальна й прыгожа сказаць можна пра ўсё».
У тым, што гэта сапраўды магчыма, аўтар і пераконваў віцебчукоў на працягу ўсёй сустрэчы.
Так, аўтар прапанаваў слухачам перакласьці на расейскую мову такія шмат каму вядомыя ў нашым ўжытку словы як «геаграфіца», «ссабойка», «шуфлядка», «муляе», «квач», «жменя» «шуфель», «хапун». Як высьветлілася, дакладна перакласьці гэтыя словы на іншыя мовы досыць складана ці наогул немагчыма. Або ўзяць словазлучэньні «цырк на дроце» ды «хавайся ў бульбу». У іншых мовах такіх устойлівых фразэалягізмаў не існуе. Прыкладам, вы не пачуеце ў Расеі выказваньня «прячься в картошку» ці якога-небудзь іншага адпаведнага словазлучэньня. Толькі на тэрыторыі нашай краіны. Гэта – чыста беларускі выраз.
Але была, як той казаў, і лыжка дзёгцю. Як распавёў Вячорка, паводле яго дадзеных, цяпер у Віцебску толькі 3% мясцовых размаўляюць на беларускай мове, тады як па-расейску – 86%, і 11% – на іншых мовах. Што зьяўляецца адным з найгоршых паказчыкаў па краіне. І ў цэлым, згодна зь ЮНЭСКО, беларуская мова знаходзіцца ў зоне рызыкі і можа цалкам зьнікнуць.
У канцы сустрэчы кожны мог атрымаць бясплатны экзэмпляр кнігі з асабістым аўтографам аўтара і найлепшымі пажаданьнямі. Чым многія і скарысталіся.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2794-pa-belarusku-prygozha-skazats-mozhna-pra-usjo-vintsuk-vyachorka-prezentavau-u-vitsebsku-svayu-novuyu-knigu#sigProId4c5e0df1ec
Уладзімер Бяляўскі