Нагадаем, у Віцебску няма ня тое што беларускамоўнай школы альбо гімназіі – аніводнай беларускамоўнай клясы. У лютым 2018 году абласная філія ТБМ (“Таварыства беларускай мовы”) паспрабавала сабраць зьвесткі аб бацьках, якія б жадалі навучаць сваіх дзяцей у Віцебску па-беларуску. На просьбу даслаць у філію кантактную інфармацыю адгукнуліся толькі тры сям’і.
Без клясы сёлета, але школа – налета?..
“На жаль, у 2018 годзе беларуская кляса, найхутчэй, ня будзе адкрытая. У аблвыканкаме мне адказалі, што, калі б назьбіралася хаця б зь 15 заяваў ад бацькоў, была б іншая справа... Але запэўніваюць, што ў 2019-2020 навучальным годзе кляса зьявіцца абавязкова. Больш за тое, гаворка ідзе пра стварэньне цалкам беларускамоўнай школы, менавіта з азначанага пэрыяду... Абяцаюць пачаць падрыхтоўчую працу ўжо цяпер”, – паведаміў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрась Бабіч.
Ён удакладніў, што афіцыйна ва ўпраўленьне адукацыі гэтым разам не зьвяртаўся, бо “на падобныя звароты прыходзяць звычайна фармальныя адказы-адпіскі”.
Мы дазваніліся да начальніка ўпраўленьня, каб спраўдзіць інфармацыю пра магчымае адкрыцьцё ў Віцебску беларускамоўнай навучальнай установы.
Дзьмітры Хома: Нам трэба працаваць разам
Начальнік упраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму Дзьмітры Хома пацьвердзіў, што такая “ідэя сапраўды апрацоўваецца”. “І гэтая ідэя ні ў якім разе не выклікае ў нас непрыманьня. Наадварот, у нас ёсьць разуменьне, што гэта трэба рабіць. Але нам трэба працаваць разам”, – сказаў чыноўнік.
Дзьмітры Хома, фота vitbichi.by
Расказаў, што падчас сёлетніх мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню Канстытуцыі, меў на гэты конт размову зь кіраўніцтвам вобласьці, і там падтрымалі ідэю стварэньня ў абласным цэнтры беларускамоўнай школы.
“Але пакуль што ня хочацца называць нейкія канкрэтныя даты, таму што калі штосьці не атрымаецца, то… А мы, калі нешта робім, то павінны рабіць напэўна”, – патлумачыў Дзьмітры Хома.
“Выбіраем сярод невялікіх школ”
Такім чынам, праект знаходзіцца пакуль на стадыі “апрацоўкі ідэі”. Па словах Хомы, ёсьць шмат арганізацыйных момантаў, якія патрабуюць пільнай увагі і працы. Сярод іх, напрыклад, пытаньне выбару школы: “Мы ўжо прыглядаем, але гэта ня будзе школа ў Білеве ці на Маскоўскім праспэкце, дзе ў нас вучыцца больш за паўтары тысячы вучняў. Выбіраем сярод невялікіх гарадзкіх школ”.
Не выпрацаваны яшчэ і мэханізм функцыянаваньня ўстановы. Ці ствараць адразу па адной беларускамоўнай клясе на кожнай паралелі (ад 1-й да 11-й клясы), ці пачынаць з адной першай клясы і павольна, цягам 10 гадоў, пераводзіць школу ў беларускамоўны рэжым навучаньня?..
Ці будзе запатрабаваная?..
Могуць узьнікнуць праблемы і з колькасьцю жадаючых вучыцца ў “белмоўных” клясах. Ці будзе наогул у Віцебску запатрабаваная беларускамоўная школа? Дзьмітры Хома адказаў, што некаторыя сумненьні на гэты конт ёсьць.
“Калькі жадаючых? Мы неяк падлічвалі, але вынікі нават агучваць ня буду – гэта невялікая колькасьць. На жаль, так.
Але разумееце, адна рэч, калі толькі прапрацоўваеш ідэю, а другая – калі ўжо заўтра адчыняем. Дык вось калі людзі будуць дакладна ведаць, што заўтра адчыняем, то і жадаючых зьявіцца больш”, – мяркуе начальнік упраўленьня адукацыі.
На ягоную думку, усё можа атрымацца, калі ўлада і грамадзтва будуць працаваць у гэтым накірунку супольна.
“Цалкам згодны, што справа важная. І калі будзем працаваць усе разам, то думаю, што зможам гэта зрабіць. Проста павінны сабрацца нейкай групай аднадумцаў у гэтым пытаньні і дакладна расплянаваць, хто чым будзе займацца. Зразумела, што ўлада возьме на сябе арганізацыйныя пытаньні, а вось пытаньнямі прапаганды (хоць гэта і непрыгожае слова), прасоўваньня, рэклямы павінна заняцца грамадзтва, у тым ліку ТБМ. Без дапамогі людзей будзе нялёгка штосьці зрабіць”, – падсумаваў Дзьмітры Хома.
Зьміцер Міраш