Аўторак, 23 Студзень 2018

Сябры Саюзу пісьменьнікаў зь Віцебску вялікай кампаніяй наведалі Дуброўна і Воршу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

І ў Дуброўне, і ў Воршы віцебчукі выступалі разам зь мясцовымі жыхарамі.

Так, у Дуброўне пісьменьнікі выступілі ў мясцовай школе №1. Зь мясцовых разам зь пісьменьнікамі выступіла фіналістка конкурсу «Размаўляем па-беларуску з Velcom» Паліна Капылова, якая таксама пачытала вершы – праўда, ня ўласнага складаньня – за што атрымала ад гасьцей альманах «Ратуша».

У Воршы пісьменьнікі выступілі на адным з грамадзкіх офісаў. Першым пачаў выступ самы старэйшы з прыехаўшых, Уладзімер Папковіч. Ён прачытаў некалькі сваіх лірычных вершаў, распавядаючы паміж вершамі сьмешныя гісторыі з уласнага жыцьця.

Галіна Сінякова распавяла пра сваю паэму пра Эўфрасіньню Полацкую – паэма цяпер пішацца на расейскай і беларускай мовах. І, па-сутнасьці, уяўляе жыціе сьвятой ў вершаваным выглядзе. Таксама паэтка прачытала свае вершы на беларускай мове, а адзін верш нават,прасьпявала, што ня дзіўна – у выглядзе песьні гэты верш выконвае Анатоль Ярмоленка зь «Сябрамі».

Наступнай слова далі аршанцы Яўгеніі Казловай, якая прачытала вершы, прысьвечаныя Воршы, Рыгору Барадуліну, і прасьпявала песьню на ўласны верш, напісаную выпадковай знаёмай, якая працавала ў шапіку не далёка ад дома Яўгеніі.

Самы малады зь пісьменьнікаў, што прыехалі, Аляксандар Пісчык, пачаў зь вершаў для дзяцей, а скончыў вершамі пра каханьне.

Старшыня абласнога саюзу пісьменьнікаў Настасься Лазебная піша прозу, таму яна прачытала ўрывак з аднаго са сваіх твораў, апублікаванага ў трэцім нумары альманаху «Ратуша», распавяла пра сам альманах і падзялілася вясёлымі выпадкамі са свайго жыцьця.

orsha.eu