Дзякуючы паэту-земляку Канстанціну Вераніцыну і яго несьмяротнай паэме «Тарас на Парнасе», якую чытаў ці ня кожны беларус, жыхарства Гарадоччыны займела натуральную магчымасьць спалучыць традыцыйнае і сучаснае ў межах аднаго культурніцкага фэсту.
Ад «Тарасавай сядзібы» да «Гарадоцкага Парнасу» пралягае шлях кожнага наведніка мерапрыемства. Галоўнае – не абмінуць гасьцінных гаспадароў местачковых падворкаў. А тыя і чарку нальюць, і пачастуюць, і бярозавікам, прыгатаваным па ўласным рэцэпце, смагу спатоляць. На гэтым шляху гасьцей сустрэнуць народныя ўмельцаў, яны змогуць пабачыць розныя выставы ды паўдзельнічаць у конкурсах. Падобна Тарасу, у канцы сьвяточнага шпацыру абавязкова сутыкняцеся з багамі ды знакамітымі асобамі. Пры ахвоце зь імі можна і за руку павітацца, і сфатаграфавацца на памяць. Ну дзе яшчэ будзе такая магчымасьць займець фота разам з парнаскімі багамі ці пісьменнікамі, што спачылі ў пазамінулым стагодзьдзі?
Афіцыйная ж частка фэсту адбывалася з адваротнага боку мясцовага палацу культуры, дзе для гледачоў разьмясьцілі некалькі шэрагаў крэслаў. Імпрэзу адкрыла старшыня раённага савету дэпутатаў Сьвятлана Зуева. Ейны расейскамоўны выступ ударыў па вушох і яскрава прадэманстраваў мэнтальную адарванасьць мясцовай улады ад культурнай глебы Беларусі ды яе народных традыцыяў.
Прыехалі на сьвята і знакамітыя землякі: паэт і перакладчык Уладзімер Скарынкін, мастак Іван Хіцько, знакаміты лекар і пэдагог Аляксандар Марчанка, мастак Віктар Шылко... Прывітальнае слова казаў Уладзімер Скарынкін:
« Я вельмі рады, што ў нашым Гарадку праводзіцца такое сьвята, што асобу Канстанціна Вераніцына шануюць нашчадкі. Паэму «Тарас на Парнасе» ведаў на памяць мой сьляпы айчым. Бацька мой загінаў у красавіку 45-га году, у першы дзень Бэрлінскай апэрацыі. Я хацеў бы, каб гэтае сьвята было ня толькі абласным, а і рэспубліканскім. Тут вольны дух, як тут добра дыхаецца! Якая цудоўная прырода!»
Пры канцы выступу паэт прачытаў свой верш пра родны край.
Права падняць эмблему сьвята «Гарадоцкі Парнас 2017» вядучая надала кіраўніку Гарадоцкага райвыканкаму Пятру Карабачу і паэту Ўладзімеру Скарынкіну, што тыя і зрабілі пад воплескі прысутных.
Пасьля адкрыцьця пачаўся сьвяточны канцэрт з удзелам творчых калектываў раёну і гасьцей з розных рэгіёнаў вобласьці. Дык што мясцовыя жыхары і госьці фэсту мелі багаты выбар магчымасьцяў адпачыць і атрымаць асалоду ад зносінаў з традыцыйнай і сучаснай беларускай культурай.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2309-najgalounejshy-dlya-rajonu-kulturnitski-fest-prajshou-u-garadku#sigProIdebf1411d74
С. Горкі