Што гэта была за мясцовасьць? Я ўжо чуў і чытаў, што гэта Францыя. Але які гэта рэгіён Францыі?
Айцец Аляксандар Шаўцоў: Вагезы. Гэты рэгіён каля Страсбургу. Перш за ўсё, гэты пленэр, бо арганізатарам быў ксёндз-паляк, які служыць у Францыі, быў прысьвечаны 1400-годзьдзю хрысьціянізацыі таго рэгіёну. Хрысьціянізацыю гэтай мясцовасьці пачаў сьвяты Амэ, які заснаваў там кляштар. Гэта быў ірляндзкі манах. І там было распачатае манаства. Адтуль і пачалася хрысьціянізацыя гэтага рэгіёну.
Я так разумею, што гэта быў чыста беларускі пленэр, там былі толькі беларускія мастакі, і прычым толькі полацкія.
Айцец Аляксандар Шаўцоў: Так, пераважна полацкія, але таксама і Зьміцер Мшар – зь Менску. Па-першае, ідэя самога пленэру паўстала з апошніх візытаў у Полацак айца Пятра Вілька, арганізатара гэтага пленэру ў Францыі. Ён ехаў з двума альбомамі. Калісьці ён рабіў у Польшчы два пленэры. І ён вёз гэтыя альбомы, каб паказаць мне. Ён на той час ня ведаў, што нашая парафія ўжо правяла два пленэры ў Полацку. Духам Сьвятым яму навеяла прывезьці ў Полацак гэтыя два альбомы. І даведаўшыся пра нашыя пленэры, у яго адразу паўстала ідэя правесьці пленэр у Францыі з удзелам гэтых мастакоў, якія ўдзельнічалі ў нашых двух пленэрах. Ня ўсіх, вядома, мы змаглі ўзяць, па розных прычынах. Але большасьць мастакоў-удзельнікаў двух пленэраў у Полацку ўдзельнічалі і ў гэтым пленэры ў Францыі.
А што скажа мастак? Наколькі цікава было маляваць тамтэйшыя краявіды?
Віктар Жукаў: Было вельмі цікава. Па-першае, таму што гэта Францыя. Гэта для нас, беларусаў, іншы ляндшафт, іншы краявід. І было вельмі цікава прыехаць у такую дэмакратычную прыгожую краіну. Горы. Лес. Горныя ручаі. Вадаспады. Гэта было вельмі цікава. Паспрабаваць свае сілы. Як мы, полацкія ў асноўным мастакі, ці справімся з такой складанай задачай – перадаць дух гэтай мясцовасьці. Спадзяюся, што ў нас гэта атрымалася.
А ці былі нейкія водгукі? Што вам казалі? Былі ў вас нейкія гледачы?
Віктар Жукаў: Калі мы малявалі, а французы вельмі эмацыйныя, яны падыходзілі. Мы, вядома, амаль не валодаем… дакладней, не валодаем цалкам францускай мовай. То часам жэстамі тлумачыліся. Спыняліся машыны. Калі малюеш каля трасы, то яны гудкамі віталі. Ім, здаецца, спадабалася нашая творчасьць. Мы на гэта спадзяёмся.
А ці яны разумелі, адкуль вы, калі тлумачылі ім, што вы зь Беларусі?
Віктар Жукаў: Я б сказаў, ня вельмі.
Айцец Аляксандар Шаўцоў: Выпадковыя людзі, то можа быць так. Але парафіяне айца Пятра добра ведалі. Мы супрацоўнічаем, полацкая парафія і парафіі Вагезы, ужо на працягу сямі гадоў. Гэта было рознае супрацоўніцтва. І нашы выезды на нейкія імпрэзы і сьвяты ў Францыю. І іх прыезды ў Полацак. То бок гэтае супрацоўніцтва мае ўжо, можна так сказаць, і карані.
А які лёс вось той мастацкай калекцыі, тых карцін, што вы там намалявалі? Што далей зь імі будзе?
Айцец Аляксандар Шаўцоў: Большасьць карцін за ахвяраваньні ўжо набытыя. Палова з усіх намаляваных. І палова засталася на вэрнісажы, і там надалей будзе служыць як выстава. У Вагезы.
https://vitebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2290-polatskiya-mastaki-tydzen-malyavali-frantsyyu#sigProIdb96dd8d2e8
Алесь Аркуш, Радыё Рацыя