Субота, 01 Люты 2014

Таварыства беларускай мовы: Гімн Віцебску мае сумнеўныя мастацкія вартасьці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Таварыства беларускай мовы Таварыства беларускай мовы

Віцебская абласная арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” даслала адкрыты ліст старшыням Віцебскіх гарсавету і выканкаму з прапановай адмяніць сваё рашэньне наконт зацвярджэньня твору, напісанага Тамарай Красновай-Гусачэнка, у якасці гімну гораду. Нагодай звароту ТБМ да ўладаў сталі факты прымушэньня вучняў у школах да вывучэньня згаданага твору.

Падаем тэкст адкрытага ліста ТБМ.

Адкрыты ліст рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”

Старшыню Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў Мікалаю Раманавічу Смунёву;
Старшыню Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту Віктару Паўлавічу Нікалайкіну

У радзе Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” абмеркаваны факт рассылкі ў навучальныя ўстановы тэксту пад назвай “Гімн гораду Віцебску” з патрабаваньнем яго вывучэньня. Як вядома, гэты “верш” быў прапанаваны ў якасьці гімну ў чэрвені 2012 году. Ён актыўна абмяркоўваўся грамадзкасьцю, у прыватнасьці, у інтэрнэце. З заўвагамі адносна тэксту і рэкамэндацыяй гарсавету не зацьвярджаць гэты “верш” у якасьці гімну выступіла і рада абласной арганізацыі ТБМ. Нашы меркаваньні былі выказаныя кіраўніцтву гарсавету і вусна, і ў пісьмовай форме.

Здавалася, што і пасьля фармальнага прыняцьця на сэсіі гарсавету гэтага тэксту ў якасьці гімну гораду ён будзе дапрацаваны, пазбаўлены сэнсавых, граматычных, лексычных, стылістычных і іншых недарэчнасьцяў. Але гэтага не адбылося.

На працягу 2013 году тэкст “гімну” ня быў апублікаваны ў газэце “Віцьбічы” і на сайце гарвыканкаму, як гэтага патрабуе парадак. Але ў канцы сьнежня 2013 году названы твор дасылаецца ў навучальныя ўстановы гораду з даручэньнем вывучыць яго.

У сувязі са сказаным мы вымушаныя яшчэ раз зьвярнуць увагу грамадзкасьці і кіраўніцтва горада на гэтую праблему.

Пакідаючы па-за ўвагай мэтазгоднасьць існаваньня самога такога факту, як афіцыйны гімн гораду, лічым неабходным выказацца адносна мастацкіх і непасрэдна моўных асаблівасьцяў прапанаванага варыянту гімну.

У першым жа радку выкарыстаны малаўжывальны ў сучаснай беларускай літаратурнай мове прыназоўнік цераз (цераз вякі). Паводле паходжаньня – гэта калькаваньне з рускага через. Таму па-беларуску звычайна кажуць і пішуць праз.

У наступнай сынтагме надзвычай няўдала пабудаваная мэтафара, дзе дзеяслоў ляціць ніяк нельга прызнаць лягічным: Храм Успення бялюткі ляціць. “Храм ляціць” – вельмі недарэчная моўная “знаходка”. Далей: Вольга мудрая ўзмахам рукі / Загадала: “Тут гораду быць!” Узмахам рукі загадала – таксама сумнеўная мастацкая дэталь. Ужо не кажучы пра тое, што ніякая Вольга ніякага дачыненьня да заснаваньня Віцебску ня мае. Кожны сур’ёзны гісторык пацьвердзіць, што гэтая легенда прыдуманая.

У наступнай страфе – Залатых купалоў ціхі свет / І славутай гісторыі гімн, / Гонар горада – людзі твае, / Назаўжды ты ў сэрцы маім – ня вельмі зразумела, што ж зьяўляецца “славутай гісторыі” гімнам.

У прыпеве – Горад над Дзвіной, / Нібы белы птах… – аб’ект параўнаньня – птах – абазначаны размоўным назоўнікам (ТСБМ, Т.4, с. 513), што зусім немэтазгодна для тэкстаў падобнага кшталту. Стылістычна маркіраваная лексэма ў тэксьце гімну – гэта нонсэнс.

У наступнай страфе – Твае таленты славіць сусвет: / Між сузор’яў нябесных планет, / Навуковец, мастак і паэт / Свой высокі пакінулі след – назіраецца звычайны набор слоў. Што такое “сузор’і нябесных планет”? І калі мастакоўская віцебская школа сапраўды сусьветна вядомая, то хто хаваецца пад сынэкдахай навуковец і паэт – застаецца загадкай. І ці толькі “навуковец” і “паэт”, у першую чаргу, вызначалі на працягу стагодзьдзяў разьвіцьцё гораду? Як недарэчна выглядае і спалучэньне “высокі след”: сьлед у вышыні? Гэта што?

У радку “Тыя ордэны, што на сцягах” назоўнік ордэны ўжыты ў множным ліку, хоць Віцебск узнагароджаны толькі адным ордэнам – у 1974 годзе. То пра якія ордэны ідзе гаворка?

Можна яшчэ працягваць пералік недарэчнасьцяў у тэксьце, зацьверджаным у якасьці гімну гораду. Відаць, адказныя асобы, што ўхвалілі згаданы тэкст, не ўлічылі выказаных крытычных меркаваньняў грамадзкасьці. У адваротным выпадку наўрад ці віцябляне мелі б такі сумнеўных мастацкіх вартасьцяў твор. І ўжо ж тым больш недарэчна рэкамэндаваць яго для вывучэньня ў навучальных установах. Таму мы настойліва прапануем гарадзкім уладам адмяніць сваё рашэньне адносна зацьвярджэньня названага твору ў якасьці гімну і лічыць яго адной зь песьняў пра Віцебск.

Старшыня рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” /І. Навумчык/

Паводле Народных навін Віцебску

Крыніца: Дыялёг Online газэта