Серада, 05 Люты 2014

Вольга Карач: Беларуская мова - недаразьвітая

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Вольга Карач падклала сабе сьвіньню сваімі неабдуманымі выказваньнямі Вольга Карач падклала сабе сьвіньню сваімі неабдуманымі выказваньнямі

«Я не хачу тут журыцца наконт беларускай мовы, але аб’ектыўна, на жаль, у сілу розных фактараў яна яшчэ недастаткова разьвітая», — заўважыла грамадзкая дзеячка зь Віцебску Вольга Карач у адной з дыскусіяў у Фэйсбуку. Вось, напрыклад, якія ёсьць беларускія адпаведнікі для расейскіх тэрмінаў «унітаз» і «стаяк»? — прывяла прыклад Карач. (Яна мела на ўвазе стаяк каналізацыйны.)

«Усё, што ёсьць [у беларускай тэрміналёгіі] — гэта калькі з расейскай мовы. У найлепшым выпадку — з польскай», — заявіла Карач.

А калі яе выказваньні выклікалі шквал абурэньня, яна ўвайшла ў раж: «Хамства — гэта адметная рыса беларускамоўных людзей, у якіх нават аргумэнтаў няма, а толькі зьнявагі і мат. Амаль кожны беларускамоўны з другога-трэцяга сказу пераходзіць на пагрозы».

І дадала: «Прыхільнікаў Лукашэнкі ў беларускамоўных колах нашмат больш, чымся сярод астатніх сацыяльных [sic!] групаў». А таксама: «60 працэнтаў насельніцтва ненавідзіць тых, каго яны называюць «бээнэфаўцамі».

У адказ палемісты зьвінавацілі філёляга па адукацыі Карач у элемэнтарным невуцтве. Слова «ўнітаз» прыйшло ў расейскую мову з лацінскага «Unitas» – назвы гішпанскай фірмы, якая ў пачатку ХХ ст. першай пачала пастаўляць гэтую прадукцыю ў Расейскую Імпэрыю.

Вольга Карач – актывістка апазыцыі ў Віцебску, былая дэпутатка гарсавету. Яна падумвае пра вылучэньне сваёй кандыдатуры на прэзыдэнцкіх выбарах.

У дыскусіі Карач далей паспрабавала згладзіць свае першыя, занадта эмацыйныя выказваньні. Яна сказала, што сама хоча аддаць дзіця ў беларускамоўны садок і школу і гатовая ўдзельнічаць у арганізацыі такіх установаў: «Патрэбныя сур’ёзныя дзяржаўныя праграмы для разьвіцьця беларускай мовы, у тым ліку для разьвіцьця тэрміналёгіі, а не тупой калькі з суседніх моваў. Але вы маеце права са мной не пагадзіцца і сказаць, што на сёньня беларуская мова багатая і разьвітая, і дзяржаўныя праграмы падтрымкі ёй ня трэба», — прымірэнча напісала яна.

Але «тытульная мова тытульнае нацыі — тая, на якой размаўляе большасьць. У Беларусі гэта азначае — расейская. А не беларуская», — настойвае Карач.

«Хто яшчэ давярае Вользе Карач і лічыць яе пэрспэктыўным палітыкам — з рэчамі на выхад», — пажартавала ў адказ музычны кіраўнік ясьляў-садка зь Менску Юлія Шарова.

«Карач становіцца вельмі зручнай для рэжыму з мэтай дыскрэдытацыі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ўвогуле», — мяркуе студэнт-беларус, які вучыцца ў Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне (ЗША) Валер Кавалеўскі.

«Моўнае пытаньне ў Беларусі — гэта такая трысьцінка, якая зламала сьпіну не аднаму вярблюду, — заўважыла журналістка Сьвятлана Курс. — У той дыскусіі ёсьць нашмат горшыя персанажы. І тыя беларускамоўныя, што там крылі мацюгамі [ў адказах Карач], і нейкая фэерычная «настаўніца беларускай мовы», якая расказвае пра мову гнюсныя показкі, — адзначае Курс. — Чамусьці ад беларускамоўных беларусаў вымагаецца галубіная кротасьць: табе кажуць, што мова і літаратура касыя, крывыя і кульгавыя, а ты кротка паўтарай: не, дзядзечка і цётачка, «наша мова такая ж людская». А навошта? Каб дзядзечка і цётачка ад мяне і мае моўкі не адвярнуліся. А навошта мне такія дзядзечкі і цётачкі? Гэта тое ж самае, што суседка прыйдзе і скажа мне: вунь Мэрыл Стрып у Галівудзе цьвіце, а твая мамулька ў касьцюмчыку фірмы «Сьвітанак» і ў гумавых ботах гародчык палівае. Дык Мэрыл Стрып — каралева, а твая мама — ну, сама панімаеш. Як мне адрэагаваць? Бараніць маму — дурасьць, бо і яна, і Мэрыл — цудоўныя. Я такой суседцы скажу: а ідзі ты, Марфуша, лесам, каб я цябе ня бачыла». Сьвятлана Курс выдаліла Карач з фрэндаў…

Крыніца: «Наша Ніва»