29 снежня 2019 году Алег Паўлаў узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні з мэтай публічнага выказвання свайго пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. Падчас пікету актывіст трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг і плакат “Незалежнасць”.
15 студзеня 2020 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйныя справы ў дачыненні да Паўлава. Суддзя Алена Цыганкова прызнала мужчыну парушальнікам заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавала яго на 675 рублёў.
Для абароны свайго права на ўдзел у масавых мерапрыемствах і публічнае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі Алег Паўлаў звяртаўся ў вышэйшыя судовыя інстанцыі. Аднак беларускія суды адмовіліся бараніць яго правы, матывавалі сваю адмову тым, што суд Чыгуначнага раёну вынес пастанову законна і абгрунтаваў сваё рашэнне фактычнымі доказамі.
Пасля адмовы вышэйшых судоў абараняць ягоныя канстытуцыйныя правы Паўлаў вычарпаў усе даступныя юрыдычныя магчымасці абараніць сябе ў межах нацыянальнага заканадаўства.
Для абароны сваіх правоў 6 лютага 2020 году актывіст звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека, які палічыў, што зварот Паўлава досыць аргументаваны для рэгістрацыі і далейшага разгляду згодна з працэдурамі ААН.
Лявон Яфрэменка