У жніўні 2018 году УСК па Віцебскай вобласьці распачаў у дачыненьні Ігара Пастнова і Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда крымінальную справу паводле ч.2 арт. 188 КК РБ (Паклёп). Віцяблян падазраюць у паклёпе на пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага. Абвінавачаньне пакуль не прад’яўленае.
“Надзелі кайданкі, зьбілі з ног – і ў машыну”
26 верасьня яны атрымалі позву з патрабаваньнем зьявіцца а 7-й раніцы ў сьледчы камітэт “для правядзеньня сьледчых ды іншых працэсуальных дзеяньняў”. Разам з падазраванымі на сустрэчу ў СК пайшла іх агульная сяброўка Сьвятлана Каханоўская. Яна і стала сьведкам затрыманьня.
Паводле яе слоў, да 9-й раніцы нічога наогул не адбывалася, ніякія сьледчыя дзеяньні не праводзіліся. Пастноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард напісалі скаргу, пазванілі ў Галоўнае ўпраўленьне СК у Менску і службу ўласнай бясьпекі.
“Недзе а 9-й гадзіне прыехаў канвой. На Кірылава і Пастнова надзелі кайданкі, зьбілі іх з ног і волакам пацягнулі ў канвойную машыну. Пастнову зрабілася кепска, ён пачырванеў, стаў задыхацца і цалкам магчыма, што страціў прытомнасьць. Зацягнулі ў машыну, зачынілі дзьверы і паехалі ў Менск”, – расказала Сьвятлана.
Кажа, што на патрабаваньне выклікаць урача, пачула такі адказ: “Ніякага вам урача ня будзе, зараз яго ў псыхушку пакладуць, там яго і вылечаць”.
Тэлефонная сувязь з віцяблянамі адразу ж была перарваная.
У правядзеньні экспэртызы адмовілі
Пасьля абеду Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард патэлефанаваў зь Менску сваёй паплечніцы Надзеі Куканос і паведаміў, што іх адпусьцілі.
“Ён расказаў, што экспэртызу ў Навінках праводзіць адмовіліся. Дактары патлумачылі сьледчай Руткоўскай, што прымусовая дастаўка выключае правядзеньне якой-кольвечы экспэртызы. Сьледчая пачала крычаць на дактароў, і яе выгналі з кабінэту. Тая села ў машыну і зьехала, кінуўшы ў Менску без грошай Пастнова і Кірылава-Шмільхольдхарда”, – расказала Куканос.
Паводле яе слоў, сьледчая Руткоўская разам з канвоем вярнулася толькі пасьля таго, як віцябляне патэлефанавалі ў службу ўласнай бясьпекі СК РБ. Але ў машыну забралі толькі Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда. Паабяцалі, што за Пастновым прыедзе іншая. Ігар Пастноў сапраўды вярнуўся на іншым аўтамабілі і прыблізна а 18-й гадзіне быў у Віцебску. У верасьні 2017 году Ігара Пастнова ўжо дастаўлялі прымусова ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках.
Кірылаў-Шмільхольдхард зьнік?..
А вось тэлефонная сувязь з Кірылавым-Шмільхольдхардам была страчаная, хоць той выехаў раней. На вечар 27 верасьня (19.00) ніякіх зьвестак пра тое, што ён вярнуўся з прымусовай паездкі на псыхіятрычную экспэртызу пакуль няма.
Зьміцер Міраш