У 2013 годзе Пастноў больш як месяц знаходзіўся на прымусовым лячэньні ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі. “Гэтае “лячэньне” нагадвае нацысцкія катаваньні, — сказаў лекар. — Вадкія лекі ўводзілі ў нос, каб ня змог выплюнуць, пры гэтым я задыхаўся, была рэальная пагроза асфіксіі. Яшчэ было вялікае катаваньне для мяне, калі з маіх грудзей загадчыца аддзяленьня Васільева імкнулася сарваць хрысьцільны праваслаўны крыж, які я ніколі не здымаю, нават калі мыюся ў лазьні. За супраціўленьне мяне зьмясьцілі ў назіральную палату да буяных хворых. Мне, як і іншым кліентам, былі катэгарычна забароненыя зносіны са зьнешнім сьветам: сваякамі, сябрамі. За ўвесь час знаходжаньня (больш як 1,5 месяца) у клініцы ні разу ня быў пракурор, каб пацікавіцца захаваньнем правоў пацыентаў. Многія зь якіх пазбаўленыя дзеяздольнасьці. Значыць, поўнасьцю знаходзяцца пад аховай дзяржавы”.
Пастнову, паводле яго слоў, паставілі дыягназ: “параноіднае разладзьдзе асобы з квэрулянскімі тэндэнцыямі”. Нібыта яму ўласьцівыя азлобленасьць, падазронасьць, бачаньне падману і пагроз, вечная незадаволенасьць усім, скаргі ва ўсе інстанцыі на няісныя пагрозы.
Крыніца: БелаПАН