Субота, 19 Красавік 2014

Выснова расейскіх псыхіятраў: Правы доктара Ігара Пастнова былі парушаныя

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Віцебскі лекар-псыхіятар Ігар Пастноў, які выступіў з крытыкай улады і падвергнуўся за гэта прымусоваму лячэньню ў закрытым аддзяленьні віцебскай вар’ятні, прайшоў экспэртызу ў Маскве, у Незалежнай псыхіятрычнай асацыяцыі Расеі (НПАР). Мэдычны агляд стаўся магчымым дзякуючы падтрымцы Магілёўскай праваабарончай групы і ПЦ “Вясна”.

Выканаўчы дырэктар НПАР Любоў Вінаградава пракамэнтавала вынікі агляду.

- Любоў Мікалаеўна, раскажыце, як адбывалася экспэртыза асобы Пастнова?

- Мы маем камісію спэцыялістаў, якая складаецца з трох лекараў-псыхіятраў, мэдычнага псыхоляга, і часам у ёй удзельнічае яшчэ юрыст, калі справа патрабуе адпаведнага прававога аналізу. Спачатку мы вывучылі ўсе дакумэнты, якія нам былі пададзеныя, усё, што тычыцца яго выпадку. Потым зь ім гутарыў лекар-псыхіятар, які зьбірае гісторыю жыцьця і - калі гэта хвароба, - то гісторыю хваробы. Потым працуе медычны псыхоляг, які просіць выканаць набор пэўных тэстаў і дае сваё заключэньне.

І потым ужо зьбіраецца ўся камісія, заслухоўвае даклад асноўнага лекара-псыхіятра, лекары разам абмяркоўваюць гэты выпадак і прымаюць пэўнае рашэньне. Патрэбен час на падрыхтоўку асобнага заключэньня. У прынцыпе, гэта тое самае, што і судова-псыхіятрычная экспэртыза. З той розьніцай, што пры судова-псыхіятрычнай экспэртызе суд зьбірае ўсе дакумэнты, якія маюць дачыненьне да справы, у нас жа разглядаюцца толькі дакумэнты, пададзеныя нам пацыентам.

- У справе Ігара Пастнова якія першыя высновы можна зрабіць?

- Першая выснова - несумненна, яго правы былі парушаныя. У тым, што ён быў прымусова зьмешчаны ў псыхіятрычны шпіталь і праходзіў там лячэньне - у гэтым мы бачым безумоўнае парушэньне яго правоў. Нават калі меркаваць, што ў яго ёсьць нейкія псыхічныя адхіленьні, то ўсё адно для таго, каб яго супраць волі лячыць, трэба каб быў выкананы цэлы шэраг крытэраў. Гэтых крытэраў у яго справе няма. Ён не ўяўляе небясьпекі ні для сябе, ні для навакольных, ён не зьяўляецца бездапаможным, і, нарэшце, яго стан не такі, каб, як яны там пішуць, яго пакіданьне без псыхіятрычнай дапамогі прывяло б да сур’ёзнага пагаршэньня яго здароўя. Ён ня меў патрэбы ў псыхіятрычнай дапамозе, тым больш у тым выглядзе, у якім яна была яму аказаная.

Ёсьць яшчэ і шмат этычных парушэньняў. Напрыклад, яго зьмясьцілі ў той самы шпіталь і нават тое самае аддзяленьне, дзе ён працаваў, - гэта зусім абуральна і недапушчальна. Гэта нельга асудзіць ў судовым парадку, але гэта патрабуе асуджэньня з боку псыхіятрычнай супольнасьці.

- З вашага досьведу, на што можа разьлічваць пацыент у гэткіх выпадках?

- Думаю, што ў нас, у Расеі, існуе больш магчымасьцяў судовай абароны. Хоць у нас таксама бываюць выпадкі, калі рашэньні аб нядобраахвотнай шпіталізацыі суды выносяць у адсутнасьці пацыента, але ўсё-такі гэта ня правіла, а, хутчэй, выключэньне. І заўсёды ёсьць магчымасьць праваабаронцам і адвакатам аспрэчыць такое рашэньне суду. А Ігару Пастнову ніякіх магчымасьцяў сябе абараніць - ані яму, ані якім-небудзь яго прадстаўнікам - не далі. Гэта значыць, суды аўтаматычна штампуюць, зацьвярджаюць рашэньні ўрачэбных камісіяў, што няправільна.

Гэтая лёгіка - маўляў, мы не псыхіятры і павінны давяраць іх высновам - яна цалкам няправільная, таму што суд - гэта два бакі, і суд абавязаны заслухаць абедзьве пазыцыі, а потым прыняць рашэньне. Суд павінен ацаніць, наколькі заключэньне ўрачэбнай камісіі зьяўляецца пераканаўчым, і для гэтага ня трэба мець прафэсійных ведаў. Бо суд не вырашае, хворы чалавек ці не. Ён вырашае ці можна гэтага чалавека лячыць прымусова.

- Як часта да вас у Асацыяцыю зьвярталіся беларусы, і хто можа прэтэндаваць на дапамогу?

- Да нас беларусы зьвярталіся нячаста. Здараліся тэлефанаваньні са скаргамі, але людзі звычайна ня могуць прыехаць у Маскву, і некаторым мы папросту ня можам дапамагчы. Але быў выпадак, напрыклад, Крысьціны Шацікавай, якая прыязджала да нас, і мы давалі ёй заключэньне. Мы лічым, што яе правы былі грубейшым чынам парушаныя ва ўсіх сэнсах: і ў тым, што яе нельга было зьмяшчаць у стацыянар, і ў тым, што яе нельга было лячыць, а таксама пазбаўлялі магчымасьці сустрэцца са сваякамі, і г.д. Але каб людзі прыязджалі да нас - гэта адзінкавыя выпадкі.

Раней у нас было вельмі падобнае заканадаўства. У 1999 годзе, калі ў Беларусі прымаўся закон, ён быў поўнай копіяй расейскага. Але з тых часоў і наш закон трошкі зьмяніўся, і беларускі закон “Аб псыхіятрычнай дапамозе» зьведаў шэраг зьмяненьняў. Таму, кажучы аб парушэньнях, мы сёньня павінны яшчэ аналізаваць беларускае заканадаўства. І яшчэ пытаньне, наколькі беларускія суды будуць прымаць нашы заключэньні і наколькі будуць зь імі лічыцца - гэта мы ўбачым: у прыватнасьці, на справе Ігара Пастнова.

Думаю, ехаць да нас трэба толькі ў тым выпадку, калі мы ўжо прааналізавалі дакумэнты і лічым, што можам дапамагчы. Мае сэнс перад тым, як ехаць выкарыстоўваць магчымасьці, напрыклад, электроннай пошты. Таму што зусім не заўсёды да нас зьвяртаюцца людзі, якім мы можам дапамагчы.

Бо людзі, якія пакутуюць на псыхічныя захворваньні, як правіла, ня лічаць сябе хворымі, але ўпэўненыя, што іх правы былі парушаныя. У нас такіх выпадкаў таксама шмат, калі людзі лічаць, што іх незаконна паклалі ў стацыянар, а мы потым бачым, што заключэньне ўрачоў было правільным. Такія рашэньні могуць аспрэчваць праваабаронцы, а мы як прафэсійная арганізацыя лекараў-псыхіятраў сочым, перш за ўсё, за тым, каб не былі парушаныя правы з пункту гледжаньня нядобраахвотнага лячэньня.

- Скажыце, а якія дакумэнты павінны мець пры сабе пацярпелыя? Ці могуць шпіталі ня выдаць гісторыю хваробы?

- Пытаньне аб атрыманьні грамадзянамі інфармацыі пра сваё псыхічнае здароўе і пра аказаную ім псыхіятрычную дапамогу актуальныя і для Расеі, і для Беларусі. Хоць паводле закону “Аб ахове здароўя грамадзян” кожны чалавек па сваёй заяве мае права атрымаць копіі сваіх мэдычных дакумэнтаў, тым ня менш у псыхіятрыі гэтае права часта парушаецца. Пачынаюць казаць, што мы ў рукі не даем, або даем толькі на запыт судова-сьледчых органаў. Але гэта ўсё няпраўда. Гэта незаконна.

Трэба абавязкова атрымаць дакумэнты пра аказаньне псыхіятрычнай дапамогі. Калі чалавек быў зьмешчаны ў шпіталь, значыць выпіску з гісторыі хваробы, а ў ідэале - копію мэдычнай карткі: калі быў зьмешчаны ў стацыянар, чым лячылі, як выпісалі і г.д. Я думаю, што ў Беларусі таксама грамадзяне маюць права на атрыманьне такой інфармацыі. Гэта цалкам рэальна, але не заўсёды адразу атрымліваецца.

- І апошняе пытаньне. Калі заключэньне першай экспэртызы ўступае ў супярэчнасьць з заключэньнем незалежнай камісіі, то які шлях абароны?

- Ёсьць два шляхі. Можна рухацца па адміністрацыйнай лініі і зьвяртацца ў вышэйшыя мэдычныя арганізацыі. Да прыкладу, калі рашэньне вынес дыспансэр або вар’ятня, то можна зьвярнуцца да галоўнага псыхіятра гораду і папрасіць правесьці камісійны агляд з мэтай удакладненьня або зьмены дыягназу. І такая камісія можа адбыцца - у такім выпадку камісія сама зьбірае патрэбныя дакумэнты. Але гэты шлях не зьяўляецца насамрэч поўнай гарантыяй таго, што дыягназ будзе зьменены.

Поўнай гарантыяй зьяўляецца зварот у суд са скаргай на неправамерныя дзеяньні псыхіятраў, на нязгоду з дыягназам. І тады думкі розных камісій будуць мець важнае значэньне. Бо чалавек павінен абгрунтаваць, чаму ён ня згодны, павінен прывесьці пераканаўчыя аргумэнты. Суд жа павінен будзе прызначыць судова-псыхіятрычную экспэртызу. І калі рашэньне такой экспэртызы будзе на карысьць пацярпелага і суд яго зацьвердзіць, то гэта ўжо будзе падставай для зьмены дыягназу там, дзе ён быў пастаўлены.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"