Першай «ахвярай» стала грамадскае абʼяднанне «Турысцкі клуб «Лучоса». Арганізацыя была заснаваная ў 2002 годзе і размяшчалася ў будынку адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. Паводле статуту, «прадметам яе дзейнасці зʼяўлялася спартовая праца ў галіне развіцця турызму».
Начальніца аддзелу дзяржаўнай рэгістрацыі камерцыйных (некамерцыйных) арганізацый галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкаму Святлана Жойдзь заявіла на судзе, што гэтая «арганізацыя па юрыдычным адрасе не размяшчаецца». Сказала, што турклуб больш за тры гады не падаваў ім ніякіх справаздач, як таго патрабуе заканадаўства. На падставе гэтага і прасіла яе ліквідаваць. Прадстаўнікі турысцкага клубу на паседжанне не прыйшлі.
Суддзя Наталля Хількевіч прыняла рашэнне задаволіць пазоў галоўнага ўпраўлення юстыцыі і ліквідавала «Турысцкі клуб Лучоса».
Рашэнне аб ліквідацыі абласнога грамадскага абʼяднання садзейнічання развіццю аграэкатурызму «Экоокотур» прымаў ужо суддзя Віктар Быстроў. Гэтая структура, па словах суддзі, была створаная «для садзейнічання павышэнню турыстычнай прывабнасці», а таксама – для «захавання культурнай спадчыны, народных традыцый і самабытнасці рэгіёну». Прадстаўніца ўпраўлення юстыцыі заявіла, што арганізацыя была зарэгістраваная ў 2015 годзе, але ні разу не падавала справаздачы.
На пасяджэнне прыйшоў кіраўнік арганізацыі Сяргей Галкін, але не змог паказаць суду дакументы аб тым, што ён сапраўды дырэктар «Экоокотур». Мужчыне давялося прысутнічаць у зале толькі ў якасці слухача і моўчкі назіраць, як ліквідуецца ягоная арганізацыя.
Віцебскае гарадское маладзёвае грамадскае абʼяднанне аўтааматараў «Клуб «Нитроус Гараж» было створанае ў 2008 годзе і таксама, па словах Святланы Жойдзь, больш за тры гады не падавала справаздач аб сваёй дзейнасці.
«Вы хаця б ведаеце, чым яны займаліся?» – запыталася ў яе суддзя Святлана Волкава. «Нейкімі аўтагонкамі...» – адказала прадстаўніца ўпраўлення юстыцыі.
Суддзя Волкава прыняла рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі.
Рашэнні не набылі законнай моцы і могуць быць абскарджаныя ў Вярхоўным судзе.
Уладзімір Бяляўскі