«Мы прыехалі, каб заняцца добраўпарадкаваннем – там трэба было пакасіць траву, сабраць галлё. Бачым – няма крыжоў. Стаялі два крыжы, каталіцкі і праваслаўны, паабапал дарогі ў лес. Гэта была старая дарога. Ад гэтых крыжоў прыкладна ў ста метрах расстрэльвалі людзей», – кажа стваральнік ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў.
Крыжы былі знойдзены глыбока ў лесе, нехта зламаў іх і кінуў у гушчар. Актывістам удалося іх умацаваць на ранейшае месца, але ў будучыні яны вымагаюць замены. Аднавіць давядзецца і зламаныя шыльды са словамі «Месца сталінскіх расстрэлаў».
Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» плануюць звярнуцца ў міліцыю, каб вандалаў знайшлі і пакаралі. Хаця яны не маюць на гэта асаблівай надзеі. Калі падобная гісторыя здарылася ў 2014-м годзе, міліцыянты дапамаглі знайсці зламаныя крыжы, якія нехта кінуў у балота. Але вінаватых шукаць ніхто не стаў: справу спынілі, прызнаўшы занадта нязначнай суму матэрыяльнай шкоды.