Жыхары вуліцы Пралетарскай зьвярнуліся ў Аршанскі раённы выканаўчы камітэт з патрабаваньнем абсталяваць вуліцу тратуарнай дарожкай. Распавядае Вольга Бугай, актывіст кампаніі «Добры горад»: Гэта ўжо ня першы зварот грамадзян наконт гэтага пытаньня. Фактычна вуліца Пралетарская знаходзіцца ў цэнтры гораду (200 мэтраў ад райвыканкаму), але прайсьці па ёй падчас бездаражы практычна немагчыма, пешаходы вымушаныя ісьці па цэнтры праезнай часткі.
Настойлівыя жыхары вуліцы Пралетарскай дамагліся грамадзкіх слуханьняў. На сходзе прадстаўнікі райвыканкаму, спаслаўшыся на адсутнасьць грошай у гарадзкім бюджэце, прапанавалі не абсталёўваць вуліцу ходнікамі, а арганізаваць па вуліцы аднабаковы рух. Праўда, як аднабаковы рух дапаможа барацьбе з лужынамі на дарозе, засталося незразумелым.
Крыніца: Орша.eu