Панядзелак, 16 Верасень 2019

Помнік ахвярам савецкага тэрору адкрылі ва ўрочышчы Хайсы – у “віцебскіх Курапатах”

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Падчас імпрэзы ў Хайсах Падчас імпрэзы ў Хайсах

Помнік ахвярам бальшавіцкага тэрору, забітым ва ўрочышчы Хайсы ў 1937-1941 гадох, адкрылі 14 верасьня на ўскрайку “расстрэльнага” лесу. Удзел у імпрэзе ўзялі жыхары навакольных вёсак, грамадзкія актывісты зь Віцебску, Менску ды Воршы. Помнік асьвяціў каталіцкі сьвятар Віктар Місевіч.

Даўняя задума знайшла сваё ўвасабленьне дзякуючы добрай волі і намаганьням віцебскага прадпрымальніка Аляксандра Швейбы і ягонай каманды. “Гэта людзі зь вялікай літары”, – так сказаў пра іх кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы” Ян Дзяржаўцаў. Кожнаму, хто прычыніўся да стварэньня і ўсталяваньня помніку, спадар Дзяржаўцаў уручыў ганаровую грамату.

Помнік разьмешчаны за трыма крыжамі – на месцы пахаваньня чалавечых парэшткаў, якія былі знойдзеныя ў лесе пасьля працы вайскоўцаў 52-га пошукавага батальёну ў 2017 годзе.

Прадпрымальнік Аляксандр Швейба (зьлева) атрымлівае ганаровую падзяку 

“Бязьвінным ахвярам бальшавіцкага тэрору, забітым карнікамі НКВД СССР ва ўрочышчы Хайсы ў 1937-1941 гадах. Народ Беларусі памятае аб вас!” – напісана на пліце.

 

"Малітва сёньня вельмі неабходная"  

Як пераконваюць мясцовыя жыхары, магілы тут былі наўкола. На месцы поля, якое зараз засеянае кукурузай, раней быў лес, і ён быў увесь у пахавальных ямінах. Цяперашняя кукуруза расьце на касьцях…

Перш чым асьвяціць помнік, ксёндз Віктар Місевіч зладзіў супольную малітву ў інтэнцыі бязьвінна забітых. Сымбалічна, што асьвячэньне помніка адбылося ў дзень, калі каталіцкі касьцёл адзначае сьвята Ўзвышэньня сьвятога крыжа.

Сьвятар Віктар Місевіч чытае малітву

“Мы глядзім на гэтыя крыжа, і яны нам нагадваюць, што крыж – гэта знак нашага збаўленьня і надзеі, бо наш Збавіцель таксама прайшоў шлях цярпеньня, пакутніцтва, сьмерці. Прайшоў, каб, зьяўляючыся адначасова Богам і Чалавекам, прыўзьняць нас і запрасіць у неба. Вось чаму нашая малітва сёньня такая неабходная”, –  сказаў сьвятар.

 

"Расстрэльвалі кожную ноч..."

Выступіла на адкрыцьці помніка і жыхарка вёскі Дрыкольле Тамара Ільінічна Юркадзь.

“Тое, што адбывалася, гэта жахліва… Расстрэльвалі кожную ноч. Мы ў вайну такога ня чулі, што рабілася ў гэтым лесе. Канечне, я не відавочца. Я з 1949 году. А ўсё гэта чула ад сваіх сваякоў, якія хлусіць ня сталі б. Пасьля вайны тут пасьвілі каровы, і мая маці не аднойчы паказвала яміны і казала, што ў іх ляжаць людзі…– расказвала жанчына.

  Выступае мясцовая жыхарка Тамара Ільлінічна 

“Душы гэтых людзей доўга блукалі, а цяпер, я так лічу, вось гэты крыж – для іх дарога да Бога! Каб іхныя душы супакоіліся, каб яны глядзелі на нас, пераконваючы, што гэтак жыць нельга”, – падсумавала Тамара Юркадзь.

 

"Мой дзед ня быў ворагам..."

Ад імя прадстаўнікоў ініцыятывы “КабылякІ. Расстраляныя ў Воршы” выступіла Дзіна Пракопаўна Кацар, унучка Матроны Маркевіч, якая выткала арнамэнтальную канву на сьцяг БССР. Яе муж, дзядуля Дзіны Кацар, Аляксей Захаравіч быў расстраляны ў Воршы ў 1937 годзе.

“У 1937-м дзядулю забралі і праз месяц расстралялі… Бабуля распавядала, як затрымлівалі дзеда, як зьдзекаваліся зь яго, як білі. Яго прывязалі вяроўкай да каня, і ён бег за коньнікам, а сьледам беглі ягоныя дзеці, якіх вайсковец палохаў стрэламі ў паветра. Дзед ня быў ворагам. Ён быў вельмі працавітым чалавекам, як і бальшыня з тых, хто тут ляжыць…” – сказала Дзіна Кацар.

Падчас асьвячэньня помніка

Апошнім выказаўся кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі:

“У Беларусі больш за 70 расстрэльных месцаў. Яны паступова становяцца вядомымі шырокай грамадзкасьці. І дзякуй тым людзям, якія гэтую інфармацыю зьбіралі. Яна ўжо вядомая, і гэта ўжо нікуды ня дзенецца, – запэўніў ён.  

С. Горкі, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.