“Сэнс праграмы ў тым, каб людзі, якія робяць розныя цікавыя праекты, займаюцца карыснай дзейнасьцю для грамадзтва, маглі больш эфэктыўна распавядаць пра тое, што яны робяць, шукаць новых прыхільнікаў, удзельнікаў імпрэзаў, атрымліваць большую падтрымку ад людзей і мясцовых уладаў”, – кажа кіраўнік цэнтру “Трэці сэктар” і адзін з арганізатараў навучаньня Вітаўт Руднік.
Па словах Вітаўта, назва праекту PRodvizhenie абраная невыпадкова.
“Назва ўтрымлівае два вельмі важныя словы. Першае – гэта рух (dvizhenie), рух наперад. У другім (PR) закладзенае жаданьне зрабіць так, каб нашая дзейнасьць была больш папулярнай, мела больш ляяльных людзей”, – тлумачыць Вітаўт.
На курсах актывісты даведаліся, што такое “сувязі з грамадзкасьцю” і чаму яны важныя. А таксама пра тое, якія кампэтэнцыі неабходныя пасьпяховаму піяр-мэнэджэру, як правільна пісаць прэс-рэлізы і ключавыя паведамленьні, пра шмат чаго іншага.
Як правільна посьціць у сетках
Асобны блёк быў прысьвечаны сацыяльным сеткам. Мэдыяэкспэрт і SMM-щык TUT.by Дзяніс Васількоў расказваў, як зрабіць ініцыятыву больш заўважнай у сацсетках, як пры дапамозе недарагіх ці ўвогуле бясплатных інструмэнтаў пашырыць сваю аўдыторыю.
Вось некалькі карысных парадаў для блогераў-пачаткоўцаў ды smm-щыкаў ад Дзяніса Васількова. Каб дасягнуць посьпеху, трэба:
- складаць загадзя кантэнт-плян, у якім улічваць, калі і ў якой сацыяльнай сетцы будзе разьмешчана той ці іншы пост;
- разьмяшчаць пасты раніцай, тады шырэйшая аўдыторыя зможа іх прачытаць;
- ня ставіць тэкст адразу пасьля таго, як напісалі – хай адляжыцца. Потым – перачытаць і адрэдагаваць;
- адаптаваць тэксты і кантэнт асобна для кожнай сацыяльнай сеткі, а ня проста капіяваць і ўстаўляць. У кожнай сетцы свая мэтавая група, і тое, што прымальна для Фэйсбука, можа цалкам не пайсьці ў Інстаграме;
- не падманваць карыстальнікаў, не канфліктаваць і не ствараць сабе ворагаў;
- выкарыстоўваць розныя праграмы і анлайн-сэрвісы па стварэньні кантэнту – для большай прывабнасьці і арыгінальнасьці;
- вучыцца ў пасьпяховых smm-щыкаў.
Што будзе вынікам навучаньня
Дырэктарка Цэнтру ўрбаністычных праектаў і інцыятыў “Прастора” Аксана Кузіна навучыла, як правільна падрыхтавацца да інтэрвію, каб яно спрацавала на мэты арганізацыі.
Арганізатары разьлічваюць, што вынікам школы стануць новыя PR-матэрыялы і пляны кампаній па прасоўваньні сваіх праектаў і ініцыятыў, распрацаваныя ўдзельнікамі курсаў.
Дарэчы, “Школа PR І мэдыякампэтэнцый” прайшла пры падтрымцы праграмы Міністэрства замежных спраў Нямеччыны “Разьвіцьцё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю краін Усходняга партнэрства і Расеі”.
Арганізатарамі курсаў у Віцебску была гарадзенскія “Студыя карысных кампэтэнцый” і цэнтар “Трэці сэктар”, а таксама цэнтры “Кола” з Магілёву і “Прастора” зь Віцебску, міжнародная сетка Coopforum International (Нямеччына).
Уладзімер Бяляўскі