Панядзелак, 25 Люты 2019

За бібліятэку імя Быкава замест “ленінкі”: Тацяна Севярынец напісала ў Мінкульт

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Тацяна Севярынец. Фота: svaboda.org Тацяна Севярынец. Фота: svaboda.org

Актывістка БХД Тацяна Севярынец абскардзіла адказ Віцебскага аблвыканкаму на калектыўны зварот аб перайменаваньні віцебскай “ленінкі” ў бібліятэку імя Васіля Быкава. Просіць міністэрства паспрыяць у вырашэньні гэтага пытаньня. Нагадаем, Віцебскі аблвыканкам адмовіўся нават разглядаць прапанову – праз “адсутнасьць адзінага падыходу”.

Напрыканцы студзеня актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” ініцыявалі збор подпісаў за наданьне абласной бібліятэцы імя Васіля Быкава. Пад зваротам у Віцебскі аблвыканкам падпісаліся 111 жыхароў Віцебску. Апроч таго, 325 чалавек пакінулі свае подпісы пад электроннай пэтыцыяй на сайце Petitions.by.

Але 20 лютага аўтары звароту атрымалі адказ з упраўленьня культуры аблвыканкаму, у якім начальнік упраўленьня Пётар Падгурскі тлумачыў, што пытаньне пра перайменаваньне бібліятэкі нават не разглядаецца – “у сувязі з адсутнасьцю адзінага падыходу і палярнасьці поглядаў”.

Такі адказ цалкам не задаволіў актывістаў. Тацяна Севярынец мяркуе бліжэйшым часам трапіць на прыём да начальніка ўпраўленьня культуры.

“Гэтыя людзі, якія падпісаліся пад зваротам, агулам 435 чалавек, – гэта што, пыл для Падгурскага? Вось пра што хачу паразмаўляць”, – тлумачыць актывістка і запэўнівае, што гэта толькі пачатак змаганьня за годнае імя для Віцебскай абласной бібліятэкі.

Адпаведна з законам “Аб зваротах грамадзян” 25 лютага яна накіравала электронны зварот на адрас Міністэрства культуры.

“У лісьце прашу пасадзейнічаць, каб яны нейкім чынам паўплывалі на вырашэньне гэтага пытаньня, абгрунтавала сваю пазыцыю. Пішу пра тое, што імя Леніна, якое носіць абласная бібліятэка, не адпавядае часу і не зьяўляецца нацыянальна апраўданым і значным”, – расказала Тацяна Севярынец.

Нагадаем, што ў 2018 годзе віцябляне ўжо выступалі зь ініцыятывай аб зьмене назвы біблятэкі імя Леніна – прапаноўвалі надаць ёй імя Францішка Скарыны. Але таксама атрымалі адмову. Тады чыноўнікі ўпраўленьня ідэалёгіі спасылаліся на тое, што “падобныя дзеяньні могуць выклікаць нэгатыўную рэакцыю ў часткі насельніцтва”.  

Зьміцер Міраш       

Залагініцца каб дадаць камэнтары