Падчас сустрэчы актывісты кампаніі неаднойчы падкрэсьлівалі, што яны выступаюць супраць ужываньня якіх-небудзь псыхаактыўных рэчываў. Казалі, што найперш маюць на мэце данесьці да слухачоў агульнадаступную і карысную інфармацыю.
Вядома, лепш не ўжываць ніякіх наркотыкаў. Але калі чалавек усё ж пачаў прымаць псыхаактыўныя рэчывы, то выкананьне шэрагу простых правілаў дапаможа яму захаваць здароўе, а можа, і выратаваць жыцьцё.
“Гэта вельмі небясьпечна”
“Мы, як кампанія, нікога не заахвочваем ужываць такія рэчывы, і легальныя ў тым ліку, таму што ў Беларусі гэта вельмі небясьпечна. Няма адміністрацыйнай адказнасьці. Адразу настае крымінальная”, – папярэджваюць арганізатары.
Сапраўды, усе дзеяньні, якія маюць дачыненьне да набыцьця, захоўваньня, перавозкі альбо вырабу наркотыкаў, могуць карацца пазбаўленьнем волі на тэрмін аж да 25 гадоў, з канфіскацыяй маёмасьці. Дакладнай статыстыкі ня маецца, але, паводле зьвестак актывістаў кампаніі, па крымінальным артыкуле 328 (“Незаконны абарот наркатычных сродкаў…”) асуджана ўжо каля 15 000 чалавек, што складае амаль траціну ад усіх зьняволеных у Беларусі.
Зь іх каля 85% – гэта звычайныя спажыўцы, але ніяк не распаўсюднікі і не наркабароны.
Неабходная праграма рэабілітацыі
Падчас лекцыі валянтэр кампаніі Міхаіл Варанцоў паказаў прэзэнтацыю, якая распавядае аб канкрэтных псыхаактыўных рэчывах, іх узьдзеяньні на чалавека, адмоўных эфэктах і спосабах зьнізіць магчымую шкоду.
Гэтак, на сёньня ў Беларусі самая распаўсюджаная – марыхуана (35%), а, напрыклад, какаін – рэдкі.
Напрыканцы сустрэчы завязалася невялікая дыскусія. Удзельнікі выказалі свае меркаваньні аб прычынах наркаманіі, псыхалягічнай і фізычнай залежнасьці. Казалі аб неабходнасьці праграмы рэабілітацыі былых наркаманаў.
Закранулі таксама тэму (балючую і гарачую) рэклямы крамаў па продажы наркотыкаў, якая апанавала апошнім часам сьцены гарадзкіх будынкаў. Графіці з наркарэклямай усюды – куды ні кінь вокам. Як зь ёй змагацца? Мясцовыя ўлады дзейнічаюць вельмі марудна. Небясьпечныя надпісы зафарбоўваюць толькі дзякуючы настойлівасьці гарадзкіх актывістаў і неабыякавых грамадзянаў.
Што такое Legalize Belarus
Кампанія Legalize Belarus паўстала ў 2017 годзе як рэакцыя на занадта жорсткія захады беларускіх уладаў па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў, ахвярамі якіх вельмі часта становяцца невінаватыя людзі.
Legalize Belarus працуе ў двух накірунках – адвакацыйным і адукацыйным. Заклікае, у прыватнасьці, спыніць вайну зь лёгкімі наркотыкамі. Найперш – з каноплямі, якія ў многіх краінах можна купіць ужо цалкам легальна ў аптэках (прыклад Польшчы). У Беларусі ж нават за пыл у кішэні можна трапіць за краты на 8-10 гадоў…
Уладзімер Бяляўскі, фота Legalize Belarus