Падчас сустрэчы юрыст Юрась Чавусаў распавёў аб асноўных арганізацыйна-прававых формах НКА, іх адметнасьцях і правілах рэгістрацыі.
На сёньня ў Беларусі існуе тры найбольш распаўсюджаныя формы некамэрцыйных арганізацыяў: грамадзкая арганізацыя, фонд і ўстанова. Фонды і грамадзкія арганізацыі могуць быць мясцовыя, рэспубліканскія і міжнародныя. Для рэгістрацыі мясцовай (гарадзкой, раённай, абласной) арганізацыі неабходна як мінімум 10 сябраў, для рэспубліканскай – 50 чальцоў, а для міжнароднай – 10 грамадзян Беларусі і 3 замежніка.
Самае простае – стварыць установу
Прасьцей за ўсё ў нашай краіне зарэгістраваць установу – патрэбны ўсяго адзін заснавальнік ды сплаціць пошліну ў памеры 0,5 б.в. На сёньня ў Беларусі зарэгістравана каля 3000 грамадзкіх арганізацый і каля 200 фондаў. Штогод рэгіструецца каля 100 новых грамадзкіх арганізацый і 10-15 фондаў.
Пры рэгістрацыі любой арганізацый НКА, незалежна ад яе прававой формы, неабходна мець юрыдычны адрас, што часта выклікае праблемы ў заяўнікаў.
Акрамя таго, прычынай адмовы можа стаць не зусім карэктная назва. Паводле Юрася Чавусава, беларускае заканадаўства ў сфэры НКА нашмат больш суровае, чым у галіне бізнэсу, таму зарэгістраваць камэрцыйную арганізацыю нават прасьцей.
Артыкул 193.1 абясшкоджданы, але…
Закрануў выступоўца і сумнавядомы артыкул 193.1 КК РБ (Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Чавусаў кажа, што за час існаваньня ў Крымінальным кодэксе гэтага артыкулу ў Беларусі па ім асудзілі 18 чалавек. Напрыканцы 2018 году дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў прагаласавалі за выключэньне гэтага артыкулу. Але пры гэтым увялі адміністрацыйную адказнасьць, якая прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь.
На думку Юрася, гэта ня толькі не палепшыць сытуацыю, а можа яе нават пагоршыць, бо колькасьць людзей, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці, будзе нашмат больш.
“Мае прагнозы нярадасныя. Крымінальная адказнасьць рэдка выкарыстоўвалася, бо гэта два гады турмы, гэта крымінальная справа, гэта суд. А яшчэ – пільная ўвага праваабаронцаў і міжнароднай супольнасьці. Кожны прысуд па арт. 193.1 быў палітычным прысудам. Улады рэдка выкарыстоўвалі артыкул, бо гэта для іх як атамная бомба. А зараз – пры адміністрацыйным пакараньні штрафам – як стралковая зброя. Прычым штрафы могуць накладацца ня толькі судом, але і органамі ўнутраных спраў, і органамі юстыцыі”, – выказаў меркаваньне Юрась Чавусаў.
У другой частцы сустрэчы выступіў дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка. Яна падрабязна распавяла аб разнастайных фінансавых рэсурсах некамэрцыйных арганізацый (сяброўскія ўнёскі, ахвяраваньні грамадзян, спонсарская дапамога, міжнародная тэхнічная дапамога ды іншыя), падаткаабкладаньні ды іншых сфэрах, зьвязаных зь фінансавай дзейнасьцю НКА.
Усе ўдзельнікі трэнінгу атрымалі ад арганізатараў інфармацыйныя зборнікі аб рэгістрацыі недзяржаўных устаноў і прававых аспэктах атрыманьня бязвыплатнай дапамогі. Апроч таго, кожны з удзельнікаў мог атрымаць кансультацыю ў экспэртаў.
Сустрэча адбылася ў віцебскім арт-пабе “Торвальд”.
Уладзімер Бяляўскі