Арганізатарамі трэнінгу «Рэгістрацыя і фінансаваньне некамэрцыйных арганізацыяў: прававое рэгуляваньне» сумесна выступаюць Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Удзельнікам прапануецца прайсьці два асобныя адукацыйныя блёкі: у першай частцы будуць разглядацца пытаньні, якія закранаюць асноўныя арганізацыйна-прававыя формы НКА, а другая частка будзе прысьвечаная рэгуляваньню фінансавых паступленьняў гэтых арганізацыяў.
Паводле словаў дырэктаркі Цэнтру прававой трансфармацыі Вольгі Смалянкі ўдзел у сэмінары дазволіць віцяблянам даведацца пра шматлікія «падводныя камяні» беларускага заканадаўства ў сфэры рэгуляваньня дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў:
– Семінары па пытаньнях прававога рэгуляваньня стварэньня і фінансавай дзейнасьці НКА Цэнтар прававой трансфармацыі і Асамблея НДА Беларусі сумесна праводзяць на рэгулярнай аснове. Асноўная мэта мерапрыемства – падказаць ініцыятывам, ці неабходна ім легалізавацца, якую арганізацыйна-прававую форму НКА выбраць, якія дакумэнты і як рыхтаваць для рэгістрацыі, даць практычныя парады, а таксама дапамагчы ім і зарэгістраваным арганізацыям разабрацца са складанымі прававымі пытаньнямі адносна атрыманьня фінансавых сродкаў.
Пасьля кожнага мерапрыемства мы маем канкрэтны вынік у выглядзе новых зарэгістраваных арганізацыяў. Напрыклад, пасьля нашага апошняга сэмінару ў Віцебску з нашай дапамогай была зарэгістраваная арганізацыя «Ініцыарт» ў Полацку, якая досыць актыўна разьвівае культурна-асьветніцкую дзейнасьць у горадзе, праводзіць курсы беларускай мовы. Вядома, бываюць і адмовы ў рэгістрацыі, як, напрыклад, было зь нядаўняй спробай рэгістрацыі грамадзкага аб'яднаньня «Хайсы» ў Віцебску.
Апошні такі сэмінар у Віцебску быў у 2016 годзе – з тых часоў былі і зьмены ў заканадаўстве, і зьмены ў кан'юнктуры. Напрыклад, адчувальна вырасла значэньне мясцовага фінансаваньня ў дзейнасьці НКА. І ў гэтым кантэксьце падчас сэмінару мы будзем асьвятляць такія пытаньні, як афармленьне фундатарскай дапамогі, збор ахвяраваньняў грамадзян, устаноўка скрыняў для збору ананімных ахвяраваньняў, ажыцьцяўленьне НКА прадпрымальніцкай дзейнасьці. Пагаворым мы і пра зьмены ў заканадаўстве і практыку прыцягненьня замежнай бязвыплатнай дапамогі. Ну і, вядома, пастараемся адказаць на ўсе прававыя пытаньні ўдзельнікаў.
Людзям з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, у якіх ёсьць ідэі і аднадумцы, напэўна, будзе карысны анансаваны трэнінг. Бо з афіцыйнай рэгістрацыяй ініцыятыва становіцца ўжо ня проста гуртком па інтарэсах, а ператвараецца ў паўнавартасную арганізацыю, да меркаваньня якой будуць прыслухоўвацца.
Падаць заяўку на ўдзел можна да 13 лютага на сайце Цэнтру прававой інфармацыі.
Уладзімер Бяляўскі