Закон "Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь" быў афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым партале 18 студзеня 2019 года. Сярод іншага Закон цалкам выключае артыкул 193.1 з Крымінальга кодэкса - "Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці".
У той жа час Закон прадугледжвае ўвядзенне адміністрацыйна адказнасці за такія ж дзеянні - штраф да 50 базавых велічынь (арт. 23.88 КаАП)
Уступіць у сілу праз паўгады пасля апублікавання.
Нагадаем, артыкул 193.1 быў унесены ў Крымінальны кодэкс у 2005 годзе. За дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ён прадугледжваў пакаранне ад арышту да пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.
Размова пра адмену гэтага сумнавядомага артыкула вялася даўно. Гэтага патрабавалі і міжнародныя арганізацыі, і праваабаронцы.
За час дзеяння артыкула па ім было асуджана 17 чалавек. Аднымі з першых, хто рэальна пацярпеў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі сталі сябры незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Партнёрства» Цімафей Дранчук, Мікалай Астрэйка, Андрэй Шалайка, Эніра Браніцкая. У жніўні 2006 года суд Цэнтральнага раёна г. Мінска асудзіў іх да розных тэрмінаў пазбаўлення волі па арт 193.1 Крымінальнага кодэксу.
Затым пад пераслед патрапілі актывісты «Маладога фронту». У 2006 годзе Эдуард Зелянкоў са Жлобіна быў аштрафаваны, а Зміцер Дашкевіч асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі па арт 193.1 КК.
А 16 лютага 2011 г. старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму было вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона за подпісам намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь М.І. Кукліса. У папярэджанні сцвярджалася, што дзеянні А. Бяляцкага ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
Асамблея НДА Беларусі ў 2009 годзе ініцыявала правядзенне кампаніі «Стоп 193.1!», у межах якой адбылося некалькі запамінальных акцый, адна з якіх “Дзеды Марозы” супраць 193 артыкула Крымінальнага Кодэксу
Чытайце таксама:
Артыкул 193.1: што было, што ёсць, што будзе?