Саветам міністраў унесены ў парламент праект закона Рэспублікі Беларусь "Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь".
Сярод іншага, гэтым законапраектам прадугледжваецца выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкула 193.1 "Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці" і ўвядзенне ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях новага артыкула 23.88 з аналагічным зместам. Такім чынам адбываецца дэкрыміналізацыя дзейнасці ў складзе незарэгістраваных арганізацый і замена крымінальнай адказнасці на адміністрацыйную ў выглядзе штрафу памерам да 50 базавых велічыняў. Паўнамоцтвы разглядаць справы аб адміністрацыйных правапарушэннях па артыкуле 23.88 прапануецца прадаставіць органам юстыцыі і органам унутраных спраў, што азначае пазасудовы парадак накладання штрафаў.
Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса ад моманту з'яўлення быў прадметам крытыкі з боку беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і міжнародных арганізацый як неадпаведная стандартам правоў чалавека і замацаваная у Канстытуцыі свабодзе аб'яднанняў. Рэкамендацыі пра скасаванне артыкула 193.1 былі адрасаваныя Беларусі падчас першага (2010 г.) і другога (2015 г.) раўндаў Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце ААН па правах чалавека, неаднаразова даваліся ў рамках дагаворных органаў ААН. Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права Рады Еўропы (Венецыянская камісія) у 2011 годзе ў сваім спецыяльным заключэнні канстатавала неадпаведнасць артыкула 193.1 усеагульным стандартам правоў чалавека.
З улікам выкладзенага мы разглядаем меры па адмене артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса як важны і неабходны крок у накірунку паляпшэньня стану са свабодай асацыяцыяў у Беларусі.
Разам з гэтым мы канстатуем, што намер замяніць крымінальную адказнасць за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацый на адміністрацыйную сведчыць аб адсутнасці палітычнай волі да забеспячэння свабоды асацыяцыяў у нашай краіне.
Для сапраўднага вырашэння праблемы неабгрунтаванага абмежавання умоў для стварэння арганізацый грамадзянскай супольнасці неабходнымі крокамі з'яўляюцца:
- Выключэнне з заканадаўства нормаў аб забароне дзейнасці незарэгістраваных арганізацый (частка 2 артыкула 7 закона "Аб палітычных партыях" і частка 2 артыкула 7 закона "Аб грамадскіх аб'яднаннях"), што дазволіць грамадзянам магчымасць для свабоднай рэалізацыі сваяго права на свабоду аб'яднанняў.
- Прывядзенне працэдуры рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, рэлігійных арганізацый і фондаў у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, якая б забяспечвала усім жадаючым магчымасць зарэгістраваць некамерцыйную арганізацыю ва ўмовах адсутнасці дыскрымінацыі і неабгрунтаваных або палітычна матываваных перашкод.
Мы заклікаем парламент пры разглядзе адзначанага законапраекта:
- Выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193.1;
- Прагаласаваць супраць увядзення адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе дапаўненні КаАП артыкулам 23.88;
- Пачаць публічнае абмеркаванне з усімі зацікаўленымі суб'ектамі далейшых змяненняў заканадаўства, якое рэгулюе стварэнне і дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці.
Асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі"
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі
Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр"
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Прававая ініцыятыва"
Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"
Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звозкава
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць"
Экспертна-прававое таварыства "Ініцыятыва Forb»
Крыніца: Праваабаронцы: "Выключэнне артыкула 193.1 — недастатковы крок"