Пятніца, 01 Люты 2019

Стоп – “Табакерка”! Амаль 2 тысячы віцяблян падпісаліся супраць тытунёвых шапікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(26 галасоў)

Пад пэтыцыяй супраць усталяваньня на прыпынках грамадзкага транспарту ў Віцебску шапікаў “Табакерка” падпісаліся каля дзьвюх тысяч віцяблян. Празь некалькі дзён электронны зварот будзе накіраваны ў Віцебскі гарвыканкам.

“Прыпынкі не павінны быць месцам продажу цыгарэтаў і тытунёвых вырабаў, бо на прыпынках грамадзкага транспарту прысутнічаюць усе катэгорыі грамадзян – ад пажылых людзей да дзяцей дашкольнага ўзросту і школьнікаў. А кіёскі, у якіх прадаецца тытунь, прапагандуюць нездаровы лад жыцьця”, – гаворыцца ў пэтыцыі.  

Зьвяртаючыся да гарадзкіх уладаў, аўтары пэтыцыі апэлююць артыкулам 41 Закону “Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні” і нядаўнім Дэкрэтам №2 “Аб дзяржаўным рэгуляваньні вытворчасьці, абароту і спажываньня тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў” (ад 24 студзеня 2019 году).

У прыватнасьці, згодна з Дэкрэтам №2, паленьне на прыпыначных пунктах цяпер пад забаронай. Усталяваньне шапікаў па продажы цыгарэт на віцебскіх прыпынках цалкам супярэчыць гэтаму пункту прэзыдэнцкага дэкрэту.   

Як мяркуюць аўтары звароту, кіёскі “Табакерка” будуць, такім чынам, служыць прамой рэклямай цыгарэтаў і паленьня.

Пэтыцыя аб забароне “Табакерак” стала бадай што рэкардсмэнам па колькасьці подпісаў і шырыні розгаласу ў Віцебску за апошнія часы. Зварот стаў падставай для шматлікіх публікацый у СМІ ды бурлівых абмеркаваньняў у сацсетках.

Як паведамляў партал TUT.BY, у Віцебску зараз знаходзіцца каля 100 павільёнаў “Табакеркі”, а ў 2019-м годзе іх колькасьць дасягне 180. Усталяваньнем шапікаў у Віцебску і вобласьці займаецца філіял “Віцебск-тытунь СЗАТ “Энэрга-Оіл”. Кампаніяй “Энэрга-Оіл” валодае бізнэсовец Аляксей Алексін, блізкі да атачэньня прэзыдэнта.

“Клопат пра здароўе” з боку так званай улады – чыстая крывадушнасьць. А наогул, пра сваё здароўе, у першую чаргу, мусіць клапаціцца сам чалавек, калі ён мае розум”, – напісаў у камэнтары пад пэтыцыяй адзін з карыстальнікаў.  

Раней “Віцебская вясна” зьвяртала ўвагу на тое, у якіх умовах вырабляюць “Табакеркі” ў Віцебску. Пісалі таксама пра тое, што “Табакеркі” ўжо ўсталёўваюць і ў аграгарадках Віцебшчыны, у прыватнасьці – у Мазалаве, “вёсцы будучага”.

Зьміцер Міраш