На сустрэчы з добраахвотнікамі ў Віцебску камандзір атраду “Анёл” Сяргей Коўган зазначыў, што з таго часу, як у 2012 годзе быў утвораны атрад, ягонае кіраўніцтва неаднойчы заклікала віцяблян аб’яднацца пад крылом “Анёла” для дапамогі ў пошуках зьніклых людзей. Але чалавека, які б узяў на сябе адказнасьць каардынаваць дзеяньні ў Віцебску, не знаходзілася.
Сытуацыя зьмянілася пасьля рэзанансных (і пакуль, на жаль, бясплённых) пошукаў у Віцебску пэнсіянэркі з хваробай Альцгэймэра Вольгі Лазарэнкі. Тады сотні неабыякавых людзей выказалі жаданьне дапамагчы ў пошуках жанчыны. Самыя актыўныя зьвярнуліся па дапамогу да “Анёла”, і было вырашана стварыць у Віцебску свой падразьдзел атраду.
Падчас сустрэчы ў Віцебску
Выявіўся і лідэр – гэта віцяблянін Максім Лукшын. На сустрэчы 2 лютага ён быў прадстаўлены як каардынатар па Віцебскай вобласьці.
“Гэта выратуе не адно чалавечае жыцьцё”
“Вельмі добра, што ў вас зьявілася жаданьне паспрабаваць стварыць нешта падобнае да “Анёла” ў вашым горадзе і вобласьці. Я ўпэўнены, што гэта мае выратаваць не адно чалавечае жыцьцё”, – дзякаваў віцяблянам кіраўнік “Анёла” Сяргей Коўган.
Выступае Сяргей Коўган, кіраўнік пошукава-ратавальнага атраду "Анёл"
Прадстаўнікі пошукава-ратавальнага атраду “Анёл” зладзілі ў Віцебску прэзэнтацыю сваёй дзейнасьці і далі віцебскім валянтэрам (сабралася каля 25 чалавек) пачатковы “курс маладых анёлаў”. Сустрэліся таксама з прадстаўнікамі УУС аблвыканкаму.
“Так, супрацоўнікаў МУС я сам запрасіў на сустрэчу, каб яны пазнаёміліся з каардынатарам і каб мець нейкія папярэднія дамоўленасьці па ўзаемадзеяньні. Абмеркавалі, як гэта будзем рабіць. Яны ведаюць пра арганізацыю і задаволеныя, што і ў Віцебску цяпер будзе працаваць падразьдзел “Анёла”, – патлумачыў “Віцебскай вясьне” Сяргей Коўган.
Максім Лукшын, каардынатар атраду па Віцебскай вобласьці
На думку Сяргея, зьяўленьне ў Віцебску свайго “Анёла” сапраўды павялічыць імавернасьць адшуканьня зьніклых людзей, бо праблема зьнікненьняў у рэгіёне, асабліва ў грыбны сэзон, стаіць вельмі востра.
“Я перакананы, што на Віцебшчыне самыя страшныя і небясьпечныя лясы, у якіх вельмі лёгка заблукаць. Валянтэры – гэта, канечне, ня МНС, але калі яны будуць навучаныя і дасьведчаныя, будуць ведаць альгарытм дзеяньняў і мець хоць якое абсталяваньне – то будуць прыносіць вялікую карысьць у пошуках”, – мяркуе стваральнік “Анёла”.
“Сэкта – па-іншаму і ня скажаш…”
Каардынатарка атраду Крысьціна Крук распавяла добраахвотнікам, што ў атрад прыходзяць насамрэч самыя звычайныя людзі. Яны маюць розныя адукацыю, узрост, жыцьцёвы досьвед. Але ўсіх аб’ядноўвае адно: “Для нас прыносіць карысьць іншым людзям – гэта, напэўна, як пакліканьне, як дарунак Божы…”
Бывалыя “анёлы-пошукавікі” зь Менску падзяліліся зь віцебскімі навабранцамі сваім досьведам. Гісторыі сваіх першых пошукаў расказалі валянтэры Аляксандар і Дзьмітрый.
А Крысьціна Крук, распавядаючы, за якія заслугі атрымала сабе на рукаў нашыўку “Дзікі прапар”, выказала ўпэўненасьць, што кожны з сабраных зможа прынесьці карысьць агульнай справе. Бо справа гэтая рыхтык анёльская…
Крысьціна Крук - "дзікі прапар" анёлаў-пошукавікаў
“І мы насамрэч вялікая сям’я. Ня так, што прыбеглі, пашукалі і разьбегліся. Мы моцна сябруем па жыцьці. Сэкта – па-іншаму і ня скажаш”, – жартавала Крысьціна.
Як стаць валянтэрам віцебскага “Анёла”
Уся інфармацыя аб нованароджаным віцебскім “Анёле” даступная ў групе “Пошукава-ратавальны атрад “Анёл” г. Віцебск”.
Там жа прапануецца запоўніць анкету добраахвотніка.
“Кожны, хто жадае, зможа аказаць дапамогу ў пошуках зьніклага чалавека – як у інтэрнэце (распаўсюд інфармацыі), гэтак і ў рэчаіснасьці. Будзем рады кожнаму!” – заклікаюць арганізатары.
Дадамо, што “Анёлам” можна дапамагчы фінансава. Таксама вялікая справа.
Паводле інфармацыі кіраўніцтва атраду, толькі за 2018 год “Анёл” атрымаў больш за 500 зваротаў аб зьнікненьні людзей. Летась толькі зь Менску валянтэры выпраўляліся на пошукі 54 разы. Інфармацыйныя рэсурсы “Анёла” ў інтэрнэце маюць больш за 900 тыс. падпісчыкаў.
Зьміцер Міраш, фота аўтара