“Пілаваньне ЦСП (цэмэнтава-стружкавыя пліты - ВВ) адбываецца ў памяшканьні, не абсталяваным належным чынам выцяжкай. Людзі дыхаюць цэмэнтавым пылам цэлы дзень, ім выдаюць рэсьпіратары, але яны прымітыўныя і ад пылу не ратуюць”, – піша мужчына.
Расказвае, што перасоўваньне шапікаў і каркасаў у цэху зьдзяйсьняецца кран-бэлькамі, якія даўно не абслугоўваліся і не праходзілі праверкі. Нібыта быў выпадак, калі гатовы ўжо шапік зваліўся з кран-бэлькі.
“На шчасьце, ніхто не пацярпеў, а людзей, якія дапамагалі перасоўваць шапік, проста звольнілі, каб пазьбегнуць чутак і праблем”, – сьцьвярджае аўтар допісу.
Фота: vk.com
“Рабочы працэс адбываецца з поўным парушэньнем аховы працы, і, шмат у чым, гэта віна кіраўніцтва. Ім напляваць на людзей. У распранальнях няма ацяпленьня”, – гаворыцца ў посьце.
І яшчэ цытата: “Побач з табой сядзіць дзяўчына і фарбуе вадкім плястыкам без рэсьпіратара і бяз выцяжкі, каля яе зьбіраюць шапікі, і побач жа – фарбуюць каркасы фарбай з кампрэсара. Смурод па ўсім цэху, у канцы дня галава быццам сьвінцом налітая ад гэтай хіміі”.
Вытрымка з допісу (скан)
Мужчына выказвае таксама сумненьні наконт кампэтэнцыі і адукаванасьці кіраўнікоў вытворчага працэсу і незадавальненьне ўзроўнем заробку.
Паводле інфармацыі TUT.BY, кампанія “Энэрга-Оіл”, падкантрольная бізнэсоўцу Аляксею Алексіну, плянуе цягам двух гадоў адчыніць у Беларусі 2500 пунктаў продажу цыгарэт. Шапікі і павільёны “Табакерка” зьявяцца ў беларускіх гарадах у сувязі з рэалізацыяй інвэстпраекту, мэта якога – стварэньне недзяржаўнай сеткі гандлю тытунёвымі вырабамі.
У цэху, дзе ствараюць "Табакеркі"
“Табакеркі”, вырабленыя на “Северстальгрупп”, зьявіліся ўжо і ў Віцебску, але пакуль не працуюць. Шапікі стаяць каля ГЦ “Green”, рэстарану “Сябрына”, ля “Бруснічкі” на Чкалава і шмат дзе яшчэ.
Зьміцер Міраш