Чацвер, 18 Май 2017

Віцебскія актывісты прэзэнтавалі свае праекты ў межах MediaBarCamp

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Марыя Казлова, Алег Квяцінскі Марыя Казлова, Алег Квяцінскі

З 11 па 14 траўня ў Летуве прайшоў дзясяты міжнародны летні лягер MediaBarCamp. Зь Віцебску ўдзел у форуме ўзялі прадстаўнікі Рэспубліканскага дасьледча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду», сябры ініцыятывы Vitebsk4Me, партыйныя актывісты «Справядлівага сьвету» і маладыя сацыял-дэмакраты. Расказаць пра імпрэзу мы папрасілі віцебскіх гаварыпраўдаўцаў Алега Квяцінскага і Марыю Казлову.

Як распавёў Алег Квяцінскі, MediaBarCamp – гэта адмысловая пляцоўка для актывістаў з рэгіёнаў па абмене досьведам у рэалізацыі ініцыятываў і праектаў у розных сфэрах дзейнасьці. У асноўным мерапрыемства было скіраванае на актывістаў зь Беларусі, але гэтаксама прысутнічалі і маладзёны з Украіны, Расеі, Грузіі, Армэніі. Быў нават актывіст з далёкай Кубы, а таксама некалькі чалавек прадстаўлялі арганізатараў – Летуву і Швэцыю. Агулам колькасьць удзельнікаў склала больш за 130 чалавек.

На MediaBarCamp быў прадстаўлены шырокі спэктар арганізацыяў з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія займаюцца і палітыкай, і гендэрнымі праблемамі, і грамадзка-культурніцкімі ініцыятывамі…

Абмяняцца досьведам, ідэямі, меркаваньнямі і думкамі можна было ў чатырох розных сэкцыях, у межах якіх ладзіліся свае мерапрыемствы: воркшопы, дыскусіі, прэзэнтацыі... Патрапіць на кожнае зь іх не ўяўлялася магчымым, таму кожны выбіраў на свой густ і патрэбу, а перасоўваньне было вольным.

Алег Квяцінскі прадстаўляў арганізацыю «Маладыя Сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада», сябрам якой зьяўляецца. Вось што ён расказаў:

«У межах нашай сэкцыі я распавёў прысутным гісторыю ўтварэньня арганізацыі, пазнаёміў з нашай дзейнасьцю, плянамі. Выступ быў скіраваны на тое, каб заахвоціць патэнцыйных партнэраў, зь якімі мы маглі б рэалізоўваць нейкія сумесныя праекты, што не супярэчаць нашым каштоўнасьцям.

Асабіста для мяне досыць пазнавальным было даведацца пра арганізацыю барацьбы з карупцыяй і пра тое, як дамагаліся празрыстасьці бюджэту ва Ўкраіне. Цікавым у пляне гэтай праблемы падаўся і досьвед Грузіі. Грузінскія актывісты прывялі прыклады пасьпяховай супрацы грамадзкіх ініцыятываў і дзяржаўнай улады.

Падаўся вартым увагі і ўкраінскі досьвед рэнавацыі гарадзкой прасторы, калі старыя, занядбаныя прамысловыя будынкі атрымліваюць другое жыцьцё і, дзякуючы інвэстарам, ператвараюцца ў культурніцкія і камэрцыйныя пляцоўкі. Цікава ведаць, як гэта працуе ў іх. І як гэта можа працаваць у нас.

Наогул, MediaBarCamp – гэта добрая магчымасьць пазнаёміцца зь людзьмі і даведацца, хто чым займаецца».

Кажа Марыя Казлова:

«Паколькі я езьдзіла ўпершыню, то ня стала прэзэнтаваць нейкі палітычны праект, а засяродзілася на прэзэнтацыі прыватнага мастацкага салёну-галерэі «Сьцяна», у якім я цяпер працую. Праект разглядаўся ў кантэксце Віцебскай мастацкай школы. У сваім выступе я распавяла пра тое, як ў 2010 годзе ў Віцебску паўстала прыватная культурніцкая ініцыятыва мастака Мікалая Дундзіна, распавяла, як ініцыятыва спрыяе папулярызацыі Віцебскай мастацкай школы і пра тых людзей, якія цяпер усім гэтым займаюцца. Дарэчы, Віцебская мастацкая школа – гэта брэнд гораду, за стварэньне якога не заплацілі ніводнага цэнту.

Што хочацца адзначыць, дык гэта тое, што чатырохдзённае мерапрыемства было досыць плённым. Атмасфэра адкрытасьці і даступнасьці спрыяла наладжваньню кантактаў як з суайчыньнікамі, так і з прадстаўнікамі моладзі з іншых краінаў».

С. Горкі

Пакінуць камэнтар