Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зробленыя ўдзельнікамі ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты».
З 2014 году ў лесе пад Віцебскам знаходзяць чалавечыя парэшткі – косьці і чарапы з кулявымі адтулінамі ў патыліцах. Імаверна, невядомае раней пахаваньне разварушылі «чорныя капальнікі». Вяскоўцы-старажылы ўспамінаюць, што ў канцы 1930-х у лесе якраз тут адбываліся «сталінскія расстрэлы». Гэтыя ўспаміны старанна запісваюць удзельнікі ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты», створанай сябрам КХП БНФ Янам Дзяржаўцавым. Але словы мясцовых жыхароў улады не прынялі ў якасьці галоўнага аргумэнту. Невядомае дагэтуль масавае пахаваньне аднесьлі да часоў мінулай вайны, і парэшткі перапахавалі ў брацкай магіле пад чырвонай зоркай.
Знойдзеныя чалавечыя парэшткі і рэчы (красавік 2017г.)
Сёлета гісторыя паўтарылася. У тым самым лесе знайшлі яшчэ некалькі раскапаных ямаў з чалавечымі парэшткамі. Віцебскія актывісты зьвярнуліся ў сельскі выканкам, каб эксгумацыя праходзіла з удзелам навукоўцаў, а ня толькі сіламі 52-га спэцыяльнага пошукавага батальёну.
У Хайсы прыехаў Алег Іоў, старшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Ён двойчы браў удзел у сьледчых дзеяньнях, якія цывільная і вайсковая пракуратуры праводзілі ў Курапатах, і лічыць, што фактура пахаваньняў вельмі падобная.
Прадстаўнікі пошукавага батальёну пакуль зьбіраюць парэшткі і рэчы, сыстэматызуючы знаходкі. Фатаграфаваць іх актывістам забаранілі. Але вайсковы археоляг Вадзім Тамілін паказаў знойдзены фрагмэнт жаночага грабеньчыка, на якім надрапана імя «Оля» і частка прозьвішча імавернай гаспадыні. Удзельнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Карапаты» Андрэй Кешанюк правёў уласнае дасьледаваньне.
Імаверная гаспадыня грабеньчыка – рэпрэсаваная настаўніца Вольга Данцыт
Зь вёскі Матушова Лёзьненскага раёну паходзіла расстраляная Вольга Данцыт. Сёньня тут засталося 6 жылых хатаў
Пошукі прывялі яго ў вёску Матушова Лёзьненскага раёну, расказаў спадар Кешанюк:
«Прозьвішча на грабеньчыку далёка ня самае распаўсюджанае: відаць першую літару „Д“, потым „а“, потым „н“, за ёй – дзьве вэртыкальныя рыскі, як у „п“ або „ц“, а сьледам – „и“. Гэта апошняя літара, якая засталася на абламаным кавалачку. Я праверыў па сьпісах рэпрэсаваных, якія ёсьць у інтэрнэце. З усіх прозьвішчаў, якія пачынаюцца з Дан-, потым нявызначаная літара, а за ёй „и“, несумненна вылучаецца адно: „Данцит“. Прычым у сьпісе рэпрэсаваных значыцца менавіта Вольга Данцыт, латышка, якая нарадзілася ў 1910 годзе ў вёсцы Матушова Віцебскага раёну. Жыла ў Віцебску, працавала настаўніцай у школе № 30 і была расстраляная 30 красавіка 1938 году нібыта за антысавецкую дзейнасьць у складзе латыскай контррэвалюцыйнай арганізацыі».
Хата, дзе жыла апошняя з матушоўскіх Данцытаў – Ксенія
Андрэй Кешанюк вызначыў, што прозьвішча «Данцит» або «Данцыт» сустракаецца ў розных сьпісах рэпрэсаваных 7 разоў, і амаль усе гэтыя людзі паходзяць зь вёскі Матушова. Нехта зь іх быў расстраляны, нехта сасланы... Каб знайсьці сваякоў згаданых асобаў, спадар Кешанюк адшукаў сучасьнікаў з такімі самымі прозьвішчамі ў сацыяльных сетках. Два чалавекі ўжо адгукнуліся і пацьвердзілі: так, іхныя сваякі былі рэпрэсаваныя. Расстралялі ня ўсіх – кагосьці саслалі на Поўнач. Імаверна, праз гэта нашчадкі Данцыты і трапілі ў Чалябінскую вобласьць...
Андрэй Кешанюк (справа) у вёсцы Матушова
Перасяленцы з Латвіі аднымі зь першых сталі ахвярамі сталінскага тэрору
Стваральнік ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў таксама паходзіць зь Лёзьненскага раёну. Ён прыгадаў падзеі 1994 году:
«Якраз у Лёзьне мы зьбіралі подпісы перад прэзыдэнцкімі выбарамі, і да мяне падышоў чалавек ужо ў сталым веку. Стаў распавядаць, што менавіта з Сутоцкага сельсавету ў 1930-я гады дзясяткамі і сотнямі вывозілі сем’і латышоў. Калісьці латышы перасяліліся сюды, бо тут было шмат зямлі: ім давалі ўчасткі лесу, каб выкарчоўвалі сабе пад гаспадарку. Яны працавалі дзень і ноч, паціху абжываліся. І, вядома, не хацелі ісьці ў калгасы. За гэта і траплялі ў „ворагі народу“».
Каб пашукаць нашчадкаў рэпрэсаваных Данцытаў, Ян Дзяржаўцаў і Андрэй Кешанюк прыехалі ў вёску Матушова – на радзіму імавернай уладальніцы грабеньчыка, знойдзенага на могільніку ў Хайсах. Паводле апублікаваных у інтэрнэце сьпісаў, вяскоўцы з прозьвішчам Данцыт траплялі пад рэпрэсіі двойчы: у 1931-м, падчас калектывізацыі, і ў 1938-м, за «дзейнасьць» у складзе антысавецкай групоўкі.
Апошняя прадстаўніца матушоўскіх Данцытаў памерла ў 1974 годзе
На сёньняшні дзень Данцытаў у вёсцы ужо не засталося, сказала мясцовая жыхарка, 79-гадовая Вера Пісарава:
Вера Пісарава, жыхарка вёскі Матушова
«Апошняй была Ксенія Данцыт, яна працавала ў калгасе, памерла ў 1974 годзе. Дзяцей у яе не было, ужо ў сталым веку яна сышлася з Іванам Жаўлачэнкам. Тая хата, дзе яны жылі, цяпер стаіць пустая... Увогуле ж у нас прынята казаць „сядзіба“, так заведзена з даўніх часоў. Сядзібаў даўно няма, але мясьціны так і называюцца: „сядзіба Данцыт“, „сядзіба Паўкшэн“. У нашай вёсцы заўжды жыло шмат латышоў, і амаль у кожнай сям’і былі рэпрэсаваныя. У 1930-я забралі таксама майго дзеда, яго звалі Аўгуст Паўкшэн, і дзядзьку Арвіда. Няхай бы ўжо толькі дзеда ўзялі, ён стары быў, а дзядзька дык зусім малады! Абвінавацілі, што дзед багаты быў. А які ён багаты? Прыехалі з Рыгі, мелі з сабой карову ды каня, да дуба прывязалі, а жытла не было... На Малую зямлю іх кудысьці адправілі. Там яны й згінулі. Нам потым даслалі паперу, што яны невінаватыя. А што тая папера, калі яны ўжо больш не вярнуліся!»
Імёнаў Арвіда і Аўгуста Паўкшэнаў няма ў сьпісах рэпрэсаваных, складзеных «Мэмарыялам». Але згадваюцца іншыя ўраджэнцы вёскі Матушова з такім самым прозьвішчам. На мясцовых могілках пахаваная Паўліна Паўкшэн, бабуля спадарыні Веры.
Могілкі ў Матушове
Прозьвішчы «Паўкшэн», «Эзэрын» таксама ў сьпісах рэпрэсаваных з Матушова
Сустракаюцца і магілы з прозьвішчам «Эзэрын». Гэты род таксама мае сваіх рэпрэсаваных: 79-гадовая Валянціна Краўцова яшчэ не нарадзілася, калі забралі бацьку, Івана Эзэрына. Спадарыня Валянціна кажа, што пра тыя падзеі чула ад маці:
«Не было мяне на сьвеце яшчэ, маці ўсё аддала, дык яе яшчэ й пхнулі, цяжарную... Я нарадзілася 27 сьнежня 1937 году, ужо бяз бацькі... Паводле дакумэнтаў, яго расстралялі ў Віцебску 30 студзеня 1938-га. Але пасьля вайны мы нават у вышук падавалі. Думалі, раптам ён у жывых недзе ёсьць? Дык нам і адказ даслалі, што жывы. Мы так радаваліся! А праз тыдзень прыйшло новае паведамленьне, што яго няма, што гэта была памылка».
Валянціна Краўцова, дачка рэпрэсаванага Івана Эзэрына
Жонка рэпрэсаванага Івана Эзэрына была малапісьменная, але дужа працавітая. Рабіла ў калгасе, была ўганараваная званьнем Героя сацыялістычнай працы. Праца і падарвала яе здароўе: жанчына памерла ў 65 гадоў.
Пошукі дзеда працягвае Дзіна Краўцова, дачка спадарыні Валянціны:
Ян Дзяржаўцаў (зьлева) размаўляе зь Дзінай Краўцовай
«Вось што я чула ад дзядзькі, мамінага брата. Ён у 1937-м быў малы, але нешта памятаў ад дарослых. Кажа: быў такі ў нас Сапега, старшыня калгасу «Інтэрнацыянал». І менавіта ён падаў заяву супраць дзеда Івана, што той замежны шпіён. Бабуля расказвала, што дзеда змушалі ісьці ў калгас, а ён не хацеў. Жылі хутарам, была свая гаспадарка. І дзед сказаў, што ў калгас ня пойдзе, а пойдзе працаваць машыністам. тады прыехалі з НКУС... Я, дарэчы, у 1990-я хадзіла ў КДБ, у Віцебскае абласное ўпраўленьне. Пыталася, дзе расстралялі дзеда, дзе ягоная магіла. А мне сказалі: «Нават ня можам сказаць. Самі ня ведаем».
Даведка з КДБ
Сямейнае фота. Справа – расстраляны Іван Эзэрын
У даведцы пра рэабілітацыю Івана Эзэрына ёсьць памылкі: у прозьвішчы прапушчаная літара. Пад прозьвішчам «Эзрын» ён значыцца і ў сьпісах «Мэмарыялу».
Дзе расстрэльвалі вязьняў віцебскай турмы НКУС, дагэтуль невядома
У гэтых сьпісах, што да латышоў зь вёскі Матушова, пазначана агульнае: «расстраляны ў Віцебску». Але вязьняў віцебскай турмы НКУС у горадзе не расстрэльвалі – вывозілі ў навакольныя лясы...
Ня выключана, што такім чынам у невядомым масавым пахаваньні каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну апынуўся грабеньчык з надпісам «Оля Дан(ц)и» без апошняй літары. Расстраляная настаўніца Вольга Данцыт была па бацьку Аляксандраўнай. Як і апошняя жыхарка вёскі Матушова з такім прозьвішчам – Ксенія Аляксандраўна Данцыт. Ці былі яны сёстрамі, або мае месца простае супадзеньне, ужо ніхто ня скажа.
Магіла Ксеніі Данцыт
Фота Ксеніі Данцыт, пахаванай побач з мужам
Са сьмерцю Ксеніі скончыўся тутэйшы радавод Данцытаў – латыскіх перасяленцаў на Лёзьненшчыне. Яны карчавалі лясы, каб збудаваць сядзібы для сябе і нашчадкаў. І месцам апошняга спачыну для некаторых таксама стаў лес. Імаверна, «расстрэльны лес» каля вёскі Хайсы, якую ўжо называюць «віцебскімі Курапатамі».