Нядзеля, 22 Студзень 2017

У Віцебску прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў гораду стварылі кааліцыю

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Мікола Статкевіч, Уладзімер Кійко Мікола Статкевіч, Уладзімер Кійко

Кіраўніком кааліцыі на альтэрнатыўнай аснове быў абраны Ўладзімер Кійко, які прадстаўляе партыю БНФ, а яго намесьнікам – Роберт Кузьняцоў з «Народнай Грамады». На сходзе прысутнічаў Мікола Статкевіч, адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі. які браў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ў 2010 годзе, за што і быў затым зьмешчаны за краты і прызнаны сусьветнай супольнасьцю як палітвязень.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сябры палітычных партыяў і прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, незалежных прафсаюзаў і рухаў гораду, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасьці і ставяць перад сабой задачу захаваць незалежнасьць Беларусі.

Мікола Статкевіч выступіў зь вялікай прамовай, у якой распавёў пра дзейнасьць Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу і пра стварэньне рэгіянальных кааліцыяў ў многіх гарадох Беларусі. Асаблівую ўвагу ён надаў палітычнай сытуацыі ў краіне. На яго думку, праз злачынныя дзеяньні ўлады Беларусь цяпер знаходзіцца ня толькі ў эканамічным, але і ў глыбокім палітычным крызысе. Над краінай навісла рэальная пагроза страціць незалежнасьць. І стварэньне ў розных рэгіёнах Беларусі дэмакратычных кааліцыяў – крок, накіраваны на тое, каб хоць неяк зьмяніць сытуацыю ў лепшы бок.

Удзельнікі сустрэчы дзяліліся паміж сабой бачаньнем таго, якім чынам можна паўплываць на сытуацыю, каб сцэнар, які рэалізаваўся ва Ўкраіне (акупацыя тэрыторыі), ня стаў і для Беларусі магчымым, і прыйшлі да высновы, што, толькі дзейнічаючы супольна, можна дамагчыся станоўчага выніку. І што ўсе праблемы зьяўляюцца вынікам бяздумнай палітыкі дзейнай улады, якую даўно час мяняць.

Пры канцы сустрэчы ўдзельнікі сходу прынялі рашэньне стварыць у горадзе аб'яднаную кааліцыю дэмакратычных сіл і абраць яе кіраўніцтва.

Уладзімер Бяляўскі