Сустрэча стала магчымай дзякуючы падтрымцы грамадзка-культурніцкай кампаніі «Будзьма Беларусамі!», а распачалі яе каардынатары кампаніі Ўладзімер Булаўскі і Марыя Шарый.
Тое, што патрэба ў сустрэчы гэткага кшталту насьпела, ні ў кога не выклікала сумневу. Колькасьць грамадзкіх ініцыятываў з году ў год павялічваецца, а сродкі масавай інфармацыі не заўжды бываюць у курсе падзеяў. Арганізацыя больш шчыльных стасункаў паміж грамадзкімі актывістамі і журналістамі, відавочна, карысная абодвум бакам. Інфармацыя пра ініцыятывы, што рэалізуюцца, мусіць быць данесеная да грамадзкасьці, дзеля карысьці якой яны і існуюць; рэдакцыям жа мэдыяў гэтая інфармацыя дазваляе зрабіць іх публікацыі больш разнастайнымі.
Захапляльным як па форме падачы, так і па сутнасьці быў выступ галоўнага рэдактара інтэрнэт-часопіса пра Менск CityDog.by Сяргея Сахарава. Ён падзяліўся з прысутнымі сучаснымі мэтадамі падачы матэрыялу, працы з наведвальнікамі, актывістамі, якія становяцца героямі журналісцкіх матэрыялаў, фундатарамі і іншымі людзьмі, што так ці інакш прычыняюцца да жыцьця часопісу.
Рэдактар менскага інтэрнэт-рэсурсу асобна спыніўся на ўзаемадзеяньні паміж грамадзкімі актывістамі і СМІ. Як ён адзначыў, кожнае мэдыя мае сваю інфармацыйную палітыку, і гэта трэба ўлічваць актывістам пры рассылцы прэс-рэлізаў, якія мусяць быць зразумелымі і цікавымі. Неабходна імкнуцца ўдасканальваць сваю працу аж да стварэньня сумесных мэдыягенічных праектаў.
Зь іншага боку, у сучасным сьвеце людзі разнастайна разьвітыя і цікавяцца абсалютна ўсім, ды задача СМІ – а рэдактара ў першую чаргу – якраз і палягае ў тым, каб гэтую цікаўнасьць задаволіць, ахапіўшы пры гэтым найбольшую аўдыторыю.
Вікторыя Дашкевіч, журналістка анлайн-выданьня «Народныя навіны Віцебску» і таварыства «Зялёная сетка» распавяла пра грамадзкую ініцыятыву ў абарону парку Партызанскай славы. Апублікаваны ёю ліст жыхароў, прылеглых да парку вуліц, стаў інфармацыйным штуршком, пасьля якога месьцічы далучыліся да збору подпісаў і кампаніі у абарону парку, а журналісты – да стварэньня інфармацыйнай прасторы.
Журналістка падкрэсьліла, што сацыяльныя сеткі, якія выкарыстоўваюць як актывісты, так і журналісты, спрыяюць жвавай камунікацыі паміж імі, але на першае месца паставіла нефармальныя асабістыя стасункі, якія лепшыя за філігранна складзены прэс-рэліз. У Віцебску гэта працуе. І працуе вельмі добра.
Не абмінула яна і тэму Віцебскага прытулку для жывёлаў. Праблема не вырашаецца, бо дзяржаўных сродкаў стае толькі на заробак супрацоўнікам, але кот ці сабака хочуць есьці кожны дзень. Таму, каб людзі не забываліся на дапамогу, безь якой жывёлы даўно загінулі б, трэба ўвесь час у мэдыях нагадваць пра тое, штó прытулку трэба.
Выступ Гальляша Сялявы, стваральніка сайту Braslaw.by, быў успрыняты прысутнымі досыць эмацыйна. Рэч у тым, што з прычыны адметнасьцяў працы ў правінцыі, яму часьцяком даводзіцца выступаць і ў ролі грамадзкага актывіста, і ў ролі журналіста адначасова. Таму ён дзяліўся сваім досьведам, як з пункту гледжаньня стваральніка лякальнай ініцыятывы, так і з пункту гледжаньня прадстаўніка мэдыя, робячы націск на цяжкасьцях і кур'ёзных недарэчнасьцях працы ў невялікім мястэчку.
Вольга Бізікава, грамадзкая актывістка, дырэктарка сацыяльнай культурнай установы Vitebsk4Me, распавяла прысутным пра рэалізаваныя ў 2016 годзе творчыя праекты. Гэта ладны спіс ініцыятываў, сярод якіх: «Магдэбурскі Віцебск», «Ангельская мова для культуры і мастацтва», «Добрае сьвята» для дзяцей Віцебскага раёну», фотавыстава «Сярэдняя Азія», «Арт-альфабэт», «Стрыт-арт з Малевічам», «50 музэяў Віцебску»...
Пры канцы сустрэчы адбылася супольная дыскусія з удзелам запрошаных экспэртаў і ўдзельнікаў прэс-клюбу, пасьля чаго кожны меў магчымасьць паразмаўляць пэрсанальна і ўсталяваць асабістыя кантакты.
https://vitebskspring.org/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2162-u-vitsebsku-zhurnalisty-i-gramadzkiya-aktyvisty-abmyarkouvali-yak-byts-karysnymi-adno-adnamu#sigProId16c5e9675f
С. Горкі