Аўторак, 25 Кастрычнік 2016

Віцебскай епархіі прапанавалі скараціць плошчу Сафійскага сабору і адмовіцца ад гасьцявой паркоўкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гарвыканкам лічыць, што Віцебскай епархіі БПЦ мэтазгодна правесьці карэктаваньне праектна-каштарыснай дакумэнтацыі Сафійскага сабору для памяншэньня шкоды экалёгіі гораду, аднак пра выбар іншага месца будаўніцтва пакуль не вядзецца.

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік 22 кастрычніка атрымаў адказ зь Віцебскага гарвыканкаму на калектыўны зварот жыхароў гораду ў абарону парку Партызанскай славы, пад якім падпісаўся 271 чалавек.

У адказе чыноўнікі паведамляюць, што ініцыятарамі будаўніцтва копіі полацкага сабору сталі архіяпіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітры і рэлігійная суполка «Парафія Сафійскага сабору г. Віцебску Віцебскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы». Яны зьвярнуліся ў гарвыканкам з просьбай дазволіць будаўніцтва новай царквы, бо суполка «ня мае ўласнага культавага збудаваньня», а зьяўляецца прыпісной да Сьвята-Ўсьпенскага сабору.

Прыярытэт разьмяшчэньню новага храму па вуліцы Чэхава на левым беразе Дзьвіны быў аддадзены нібыта праз тое, што ў гэтым месцы выгін рэчышча ракі стварае кампазыцыйны эфэкт Сафійскага сабору, як дамінанты, што замыкае пэрспэктыву. У той самы час варта адзначыць, што сапраўдны Сафійскі сабор у Полацку знаходзіцца на процілеглым, правам, беразе Дзьвіны.

Дазвол на правядзеньне навукова-дасьледчых і праектных работ на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці 2 катэгорыі – гістарычнага цэнтру Віцебску – быў атрыманы 29 верасьня 2014 году.

Гарвыканкам у сваім адказе адзначае, што да журнала грамадзкага абмеркаваньня, якое адбывалася ў жніўні-верасьні 2015 году, быў прыкладзены сьпіс з 412 жыхароў гораду, якія выказаліся ў падтрымку гэтага праекту. У той самы час у самім журнале былі таксама адмоўныя водгукі, У прыватнасьці, гараджане пісалі, што неабходна аднаўляць храмы, якія існавалі ў Віцебску, каб аднавіць яго аблічча, а не займацца бутафорыяй.

Таксама чыноўнікі адзначаюць, што падчас праходжаньня экалягічнай экспэртызы праект неаднаразова вяртаўся заказчыку на дапрацоўку з-за адсутнасьці поўнага пакету дакумэнтаў. Пасьля таго, як поўны пакет дакумэнтацыі быў пададзены, ён атрымаў станоўчую ацэнку. Чаму гэта заняло 8 месяцаў – застаецца пад пытаньнем.

Акрамя таго ў лісьце падкрэсьліваецца, што фінансаваньне будаўніцтва храму мяркуецца ажыцьцяўляць за кошт бюджэту царквы, а таксама ахвяраваньняў фізычных і юрыдычных асоб. Дзякуючы чаму яно не павінна пацягнуць павелічэньне выдаткаў гарадзкога або абласнога бюджэту. Фінансавым гарантам будаўніцтва, паводле слоў чыноўнікаў, выступае Віцебская епархія беларускай Праваслаўнай Царквы. Аднак у сытуацыі непразрыстасьці фінансавай дзейнасьці царквы, калі грамадзкасьці не вядомыя ні каштарыс будаўніцтва, ні эканамічны стан самой епархіі, гэткія гарантыі застаюцца пустым гукам.

Што тычыцца карэктываў праекту копіі Сафійскага сабору, да ўнясеньня якіх будаўніцтва прыпыненае, гарвыканкам прапануе епархіі унесьці наступныя зьмены:

– ссунуць пляму забудовы прыкладна на 36 мэтраў у бок Дзьвіны, каб максымальна ўпісацца ў наяўную ў парку паляну;
– зьмяніць трасіроўку падземных камунікацыяў, каб пазьбегнуць высечкі дрэў;
– выключыць будаўніцтва гасьцявой аўтастаянкі;
– паменшыць памер ніжняга храму да памераў верхняга (такім чынам, плошча будаўніцтва скарачаецца ў 3,5 разы – рэд.);
– значна скараціць тэрыторыю добраўпарадкаваньня вакол храму для максымальнага захаваньня наяўных зялёных насаджэньняў;
– павялічыць колькасьць кампэнсацыйных пасадак у цэнтры гораду (аднак не пазначана, дзе яны будуць рабіцца – рэд.).

Як бачым, у гарвыканкаме зусім выразна ўсьведамляюць, што будаўніцтва копіі Сафійскага сабору, падчас якога будуць высечаныя каля 200 дрэў, прынясе значную шкоду ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоне ў парку Партызанскай славы імя Міная Шмырова. Гарадзкіх жыхароў, асабліва з улікам шкоды зялёным насаджэньням Віцебску за апошнія дзесяцігодзьдзі, такое становішча не задавальняе. У той самы час чыноўнікі, якія знаходзяцца пад ціскам аўтарытэту царквы, не знаходзяць мужнасьці прапанаваць больш лягічнае рашэньне, здольнае кардынальна вырашыць канфлікт, што ўзьнік – знайсьці іншую пляцоўку для новай царквы, на якой не давядзецца высякаць парк.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc