Субота, 22 Кастрычнік 2016

Ахвяры сталінізму ці вайны? У Віцебскім раёне перапахавалі парэшткі 172 чалавек

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ахвяры сталінізму ці вайны? У Віцебскім раёне перапахавалі парэшткі 172 чалавек Фота: Юлія Гаўрыленка, pridvinje.by

Парэшткі расстраляных людзей, знойдзеныя ў лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, перапахавалі ў Лосьвідзе. Паводле афіцыйных зьвестак, пазабіваныя – ахвяры Вялікай Айчыннай вайны. Аднак прадстаўнікі грамадзкасьці, якія правялі ўласнае расьсьледаваньне, упэўненыя: загінулыя – ахвяры сталінізму.

Масавае пахаваньне ў ваколіцах вёскі Хайсы было выяўленае яшчэ два гады таму. Увосень 2014 году актывісты зь Віцебску знайшлі ў лесе раскапаныя яміны, у якіх ляжалі парэшткі расстраляных людзей – косткі і чарапы з адтулінамі ад куль. 

Віцябчук Ян Дзяржаўцаў, сябар КХП БНФ, пагутарыў зь мясцовымі жыхарамі. Паводле ўспамінаў больш як дваццаці пяці чалавек, масавыя расстрэлы мірных жыхароў адбываліся напрыканцы 1930-х гадоў.

Ініцыятыўная група «Хайсы», створаная неабыякавымі віцебчукамі, зьвярнулася ў пракуратуру і сьледчы камітэт з просьбай правесьці расьсьледаваньне па факце выяўленьня масавага пахаваньня расстраляных людзей. Запрошаныя ініцыятыўнай групай навукоўцы пацьвердзілі падабенства пахаваньня ў Хайсах да Курапатаў пад Менскам.

Аднак у Мазалаўскім сельсавеце, да якога належыць вёска Хайсы, заявілі, што ня маюць грошай на мэмарыялы. А ў раённай газэце «Жыццё Прыдзвіння» зьявілася публікацыя з абвінавачаньнем актывістаў групы «Хайсы» ў «чорным капальніцтве».

Дзейнасьць ініцыятыўнай групы асьвятлялі і незалежныя СМІ. У выніку старшыня Мазалaўскага сельсавету Леанід Дубіна выклікаў пошукавы батальён.

На месцы масавага пахаваньня пад Хайсамі працавалі вайскоўцы 52-га асобнага спэцыялізаванага батальёну. Парэшткі знойдзеных імі 172 чалавек і перапахавалі цяпер у Лосьвідзе.

Аднак актывістам групы «Хайсы» пра час і месца перазахаваньня загадзя не паведамілі. Як стала вядома зь мясцовай газэты, парэшткі загінулых людзей перапахавалі як ахвяраў вайны. Пра тое, хто і пры якіх абставінах знайшоў масавае пахаваньне каля Хайсоў, у публікацыі не паведамілі.

Ініцыятыўная група «Хайсы» не атрымала магчымасьці пазнаёміцца і з высновамі, зробленымі падчас працы пошукавага батальёну. Актывістам паказалі толькі асобныя аркушы са справаздачы, паводле якіх знойдзеныя падчас пошукаў рэчы сьведчаць пра тое, што пахаваныя пад Хайсамі людзі загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Канкрэтны час і прычына іх сьмерці ня вызначаныя.

Аднак актывісты ўпэўненыя, што перапахаваныя людзі загінулі раней, чым пачалася вайна. Пра гэта сьведчаць як успаміны мясцовых жыхароў, так і знойдзены разам з парэшткамі людзей абутак, выраблены ў 1935 – 1937 гадох, і гільзы ад зброі, якую звычайна выкарыстоўвалі НКВДысты, і спосаб забойства стрэлам у патыліцу.

Актывісты ініцыятыўнай групы «Хайсы» лічаць, што памяць загінулых людзей не ўшанаваная належным чынам. Акрамя таго, эксгумаваныя парэшткі ня ўсіх ахвяраў. Таму група «Хайсы» працягне сваю дзейнасьць. Актывісты плянуюць праводзіць акцыі па прыборцы месца масавага пахаваньня пад Хайсамі, зьбіраюцца ўсталяваць мэмарыяльныя крыжы.

Кацярына Загорская