Ля трасы, што вядзе зь Віцебску да райцэнтру Гарадок, ідзе масавая высечка елак. Віцебскі актывіст КХП-БНФ абураны гэтым фактам. «Прашу адказаць мне, на якой падставе праводзіцца высечка елак лесаахоўнай паласы ўздоўж дарогі Віцебск-Гарадок, пачынаючы з Баталей і амаль да Гарадка», – напісаў Ян Дзяржаўцаў у абласны камітэт рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Актывіст таксама просіць высьветліць, хто канкрэтна аддаў такі «бязглузды загад».

Міжведамасная працоўная група Віцебскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя зафіксавала шматлікія парушэньні экалягічнага заканадаўства на тэрыторыі Гарадоцкага раёну. Кіраўнікам прадпрыемстваў ААТ «Гарадоцкі райаграпрамзаб», ААТ «Гарадоцкі льнозавод», КУП «Гарадоцкі ПКіЦС» накіраваныя прадпісаньні аб устараненьні парушэньняў.