«Гэтым зваротам просім звярнуць вашую ўвагу на ўтрыманне жывёлаў у віцебскім заапарку. Мяркуем, жывёлы не атрымліваюць належны догляд: у чарапахі праламаны панцыр, вальеры маленькіх памераў, недагледжаныя, чыстай вады няма, алень кульгае, ветэрынарная дапамога не аказваецца, коні худыя, у малпаў стаіць брудная вада, платы гнілыя, і гэта толькі малая частка таго, што там адбываецца», – гаворыцца ў петыцыі.
Аўтары звароту спасылаюцца на пастановы Мінпрыроды «Аб устанаўленні патрабаванняў да зместу і (або) развядзенню дзікіх жывёлаў у няволі» і «Ветэрынарна-санітарныя правілы гадавання жывёлаў і правядзення ветэрынарных мерапрыемстваў у заапарках» Міністэрства сельскай гаспадаркі, а таксама на ўказ Прэзідэнта «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» і на Закон «Аб жывёльным свеце».
Звяртаюць увагу мясцовых органаў улады на тое, што «дзікія жывёлы павінны ўтрымлівацца ў вальерах, клетках, басейнах, акварыумах і (або) іншых памяшканнях для ўтрымання дзікіх жывёлаў у няволі, нормы плошчы, абʼёму, вышыні і глыбіні якіх не могуць быць менш, чым мінімальныя нормы памяшканняў для ўтрымання дзікіх жывёлаў».
Паводле заканадаўства, «памяшканні павінны быць абсталяваныя пабудовамі і прыстасаваннямі, якія забяспечваюць жыццядзейнасць дзікіх жывёлаў у няволі і ўлічваюць індывідуальныя асаблівасці выгляду (кармушкі, аўтапаілкі, абагравальнікі, сістэмы ачысткі і аэрацыі вады, дрэнажныя сістэмы, якія адводзяць лішкі вады з памяшкання, вадапоі, норы, гнёзды, стаўкі, басейны, гроты ды іншае), а таксама ўтрымліваць грунт (пясок, гліна, камяні рознай велічыні і іншае) або субстрат рознай шчыльнасці (торф, мох, габлюшка і іншае)».
Неабыякавыя грамадзяне папрасілі каб улады правялі праверку па прыкметах невыканання службовымі асобамі Віцебскага заапарка патрабаванняў па ўтрыманню дзікіх жывёлаў у няволі і правядзенні ветэрынарных мерапрыемстваў, устаноўленых заканадаўствам. У выпадку ўстанаўлення фактаў парушэння заканадаўства – прыцягнулі вінаватых асоб да адказнасці, а таксама – зрабілі захады па закрыцці віцебскага заапарку.
Паводле адказу, атрыманага з гарвыканкаму, «дзікія жывёлы ва ўстанове культуры «Віцебскі заалагічны парк» утрымліваюцца ў клетках, вальерах і іншых памяшканнях для ўтрымання жывёлаў, нормы плошчы якіх адпавядаюць нормам плошчы памяшканняў, вызначаным пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь».
Віктар Глушын указвае, што жывёлы, якія знаходзяцца ў жаласным стане (напрыклад, чарапаха і алень) паступілі ў заапарк ужо ў такім выглядзе. Нібыта «алень быў дастаўлены Бешанковіцкай інспекцыяй прыродных рэсурсаў пасля таго, як ён з прастрэленым плячом прыйшоў на хутар мясцовага жыхара». Коні ж, наагул, на думку чыноўніка, «знаходзяцца ў добрай фізічнай форме».
Ці збіраюцца ўлады закрываць заапарк, канкрэтнага адказу не прагучала. Афіцыйны адказ чыноўнік завяршае сцвярджэннем, «што існуюць альтэрнатыўныя пункты гледжання ў гэтым пытанні» і спасылаецца на карэспандэнта газеты «Віцьбічы», які пабываў у мясцовым заапарку.
Ці гатовыя ўлады прымаць альтэрнатыўныя пункты гледжання ў гэтым пытанні, невядома. Але сайт petition.by, на якім размяшчаецца дадзены зварот быў 7 жніўня заблакаваны. Зайсці на яго можна толькі праз VPN.
Вiталь Емяльянаў