«Школа разлічаная на любога чалавека, які зацікавіўся птушкамі. Мы вывучым 100 відаў самых звычайных і распаўсюджаных беларускіх птушак. Заняткі – ў фармаце лекцый з прэзентацыямі. Падчас заняткаў я распавядаю, у чым асаблівасць таго ці іншага віду, дзе яго можна сустрэць, у чым складанасці. Калі голас лёгка запомніць – звяртаю ўвагу і на яго», – кажа вядоўца курсаў арнітолаг Анастасія Кузьмянкова.
Каб праводзіць заняткі, яна кожны раз будзе прыязджаць з Менску.
Па словах Анастасіі, папулярнасць бёрдвочынгу ў Беларусі з кожным годам падвышаецца.
«Я магу яшчэ ўспомніць часы, калі людзі не чулі пра такую прафесію, як арнітолаг. Зараз усе ведаюць значэнне гэтага слова, многія звяртаюць увагу на птушак, напрыклад дасылаюць мне фота ў Інстаграм на вызначэнне», – дзеліцца Анастасія.
У Заходняй Еўропе бёрдвочынг (англ. birdwatching) – ужо даўно папулярнае і распаўсюджанае хобі.
«З аднаго боку, птушкі досыць прыкметныя, зручныя для назірання, з другога – яны прыгожа спяваюць і самі бываюць прыгожа афарбаваныя. Сэнс бёрдвочынгу ў назіранні за імі. Назіраць можна за верабʼём або голубам – гэта ўжо і ёсць бёрдвочынгам. А як часта і доўга – гэта ўжо выбар кожнага. Ёсць вельмі заўзятыя бёрдвочары, якія пастаянна ездзяць па краіне ў пошуках новых для іх відаў птушак. А хтосьці, наадварот, назірае больш камерна, напрыклад – на сваім лецішчы ці ў парку побач з домам», – расказвае Анастасія Кузьмянкова.
Заняткі бёрдвочынгу ў Віцебску будуць праходзіць двойчы на тыдзень у вячэрні час ад 27 красавіка да 26 траўня. Пачатак – у 18.00. У межах курсу запланаваны восем тэарэтычных лекцый у памяшканні і дзве суботнія экскурсіі, адна з якіх мае прайсці за горадам. Усе, хто паспяхова пройдуць курсы, атрымаюць сертыфікаты і новыя веды пра птушак, якія есць у нашых краях.
Уладзімір Бяляўскі