Паводле дадзеных лясной гаспадаркі, у 2018 годзе ў катэгорыю каштоўных увялі 440 га маладнякоў, перавыканаўшы плян на 17%. Аднак, як паказала праверка, за прыгожымі лічбамі хавалася негаспадарлівасьць і асабістая карысьлівасьць, паведамляе выданьне.
У 11 лясьніцтвах (з 12-ці) Расонскага лясгасу выявілі 106 дзялянак агульнай плошчай 167 га, якія неабгрунтавана былі ўведзеныя ў катэгорыю каштоўных. На гэтых участках маладнякі не адпавядалі нарматывам вышыні і колькасьці, дрэвы каштоўных пародаў былі заглушаныя малакаштоўнымі пародамі ці наогул загінулі. Некаторыя ўчасткі ўяўлялі сабой пазабалочваныя прагалы, дзе маладыя дрэвы ўвогуле не высаджвалі.
Тым ня менш, за выкананьне плянавых заданьняў кіраўнік і 10 лясьніцтваў атрымалі прэміі ў памеры больш за 36 тыс. рублёў.
Усяго супрацоўнікі КДК выявілі незаконнае атрыманьне грашовых сродкаў зь бюджэту на суму 104 тыс. рублёў, нямэтавае выкарыстаньне сродкаў ляснога прыбытку на патрэбы камэрцыйнай дзейнасьці на суму больш за 6 тыс. рублёў, псаваньне больш за 180 кубамэтраў таварнай драўніны і г.д.
Да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнутыя 35 працаўнікоў лясгасу, да адміністрацыйнай – юрыдычная асоба і дырэктар.
Матэрыялы праверкі накіраваныя ва ўпраўленьне Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Віцебскай вобласьці. У дачыненьні службовых асобаў 8 лясьніцтваў Расонскага лясгасу завялі крымінальныя справы паводле артыкулу 210 (Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі). Дырэктар звольнены. Магчыма, справы распачнуць супраць службовых асобаў яшчэ двух лясьніцтваў Расонскага лясгасу.