Панядзелак, 21 Кастрычнік 2019

“Дык што ў нас з адкідамі?” У Віцебску выступіла эколяг Натальля Блышчык

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Выступае Натальля Блышчык Выступае Натальля Блышчык

У суботу 19 кастрычніка ў Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы эколяг-экспэрт зь Менску Натальля Блышчык выступіла зь лекцыяй “Дык што ў нас там з адкідамі?”. Сустрэча прайшла ў межах адукацыйнага праекту “АГА” (Адкрытая грамадзянская адукацыя).

Кожны беларус утварае да 400 кг адкідаў за год

Па розных ацэнках, штогод беларусы выкідваюць больш за тры мільёны тон сьмецьця – і гэта без уліку прамысловых адкідаў. Што цікава: з падвышэньнем матэрыяльнага дабрабыту прапарцыйна павялічваецца і колькасьць адкідаў, якія кожны з нас адпраўляе ў сьмецьцевы бак, а пасьля – на сьмецьцевы палігон. Кожны беларус пазбаўляецца ад 250 да 400 кг адкідаў штогод.

У Беларусі блізу 170 палігонаў цьвёрдых камунальных адкідаў і вялікая сетка міні-палігонаў. Іхняя агульная плошча перавышае 46 кв. км. – гэта як 6,5 тыс. футбольных палёў!

На лекцыі быў аншляг

Натальля Блышчык лічыць, што наяўнасьць вялікай колькасьці палігонаў – адзін з паказьнікаў неэфэктыўнай сыстэмы абыходжаньня з прадуктамі, таварамі і адкідамі. Як прафэсійны эколяг, Натальля мае запаветную мару: каб кожны жыхар краіны “рацыянальна выкарыстоўваў прыродныя рэсурсы”.

Што мы выкідаем і навошта пра гэта ведаць?

“Калі мы ведаем марфалёгію нашага сьмецьцевага кошыка, дык можам гэтым кіраваць”,  – зазначае Натальля Блышчык.

Найперш мы выкідаем упакоўку, плястык і палімеры. Па сваёй масе яны складаюць усяго 10-12%, але па аб’ёме – значную частку.

30-40% нашага сьмецьця складаюць вільготныя арганічныя адкіды, якія можна кампаставаць. Прычым ня толькі ў прыватных дамах, але і ў кватэрах. Дарэчы, сярод слухачоў прысутнічалі дзьве жанчыны, якія ўжо робяць гэта ў сваіх гарадзкіх кватэрах. Сытуацыя ж з прамысловай перапрацоўкай гэтага віду адкідаў у Беларусі складаная – пакуль на стадыі пробных праектаў.

Куды рухацца далей?..

Нарошчваць спажываньне ці зьмяніць прыярытэты ў вобласьці абыходжаньня з адкідамі? Паводле экспэрта, ёсьць 4 варыянты абыходжаньня з адкідамі: выкінуць, спаліць, адправіць на перапрацоўку і – папярэдзіць іх утварэньне.

З трох мільёнаў тон адкідаў у Беларусі перапрацоўваецца толькі 20%. Што праўда, гэтая лічба расьце.

“Па падліках, гэты патэнцыял можа складаць нават 30-35%. І гэтага можам дасягнуць, калі людзі навучацца сартаваць сьмецьце”,  – адзначыла выступоўца.

Як мяркуе Натальля Блышчык, улічыўшы досьвед эўрапейскіх краін, у якіх праблема з адкідамі ўзьнікла значна раней, Беларусь мае магчымасьць пазьбегнуць шмат якіх памылак.

Як справы з перапрацоўкай у Віцебскім рэгіёне

Амаль 1,2 млн. жыхароў Віцебскай вобласьці выкідаюць паўмільёна тон сьмецьця за год. 100 тыс. тон адкідаў перапрацоўваецца, астатнія 400 тыс. трапляюць на сьмецьцевыя палігоны. 

Віцебск – адзіны горад у Беларусі, які ня мае сьмецьцесартавальнага заводу. Пабудаваць яго зьбіраюцца ў 2020 годзе, мяркуюць сартаваць 100 тыс. тон сьмецьця. Між тым колькасьць адкідаў у абласным цэнтры складае 300 тыс. тон за год.

Але самым эфэктыўным шляхам перапрацоўкі ёсьць не сартаваньне на прадпрыемствах, а збор другаснай сыравіны праз сыстэму стацыянарных ці перасоўных нарыхтоўчых пунктаў (на Віцебшчыне іх –190). У рэгіёне на сёньня перапрацоўваецца больш за 20 тыс. тон шкла, 9 тыс. тон палімераў, больш за 35 тыс. тон паперы, больш за 6 тыс.тон шынаў ды іншых рэчаў. Агулам – каля 75 тыс.тон.

Што рабіць кожнаму з нас?

  • Цалкам адмовіцца ад таго, без чаго можна абысьціся.
  • Зьменшыць спажываньне таго, без чаго абысьціся нельга.
  • Замяніць аднаразовыя рэчы на трывалыя, шматразовыя.
  • Здаваць адкіды на перапрацоўку.
  • Не выкідваць ежу, рэшткі – кампаставаць.

Калі будзем кіравацца гэтымі простымі парадамі, паўплываць на зьмяншэньне колькасьці адкідаў зможа кожны з нас.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.