Нагадаем, у 2015 годзе менскі бізнэсовец Мікалай Рамановіч пры падтрымцы ўладаў Пастаўскага раёну і мясцовага кліру вырашыў будаваць храм у вёсцы Станчыкі. Ідэя выклікала пратэст мясцовых жыхароў і прадстаўнікоў грамадзкасьці: на іх думку, будоўля магла нанесьці шкоду возеру Балдук, якое знаходзіцца побач са Станчыкамі. Электронную пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва храму падпісалі больш за 16 тысяч чалавек.
Увосень 2015 году грамадзкае аб'яднаньне «Экадом» сумесна з жыхарамі Станчыкаў падалі пазоў у Глыбоцкі раённы суд з патрабаваньнем правесьці грамадзкае абмеркаваньне праекту будаўніцтва храму. Але пазоў не задаволілі. Судзьдзя растлумачыў, што слуханьні заднім днём праводзіць ня трэба, бо праект царквы прайшоў дзяржаўныя экспэртызы, і работы на аб'екце ўжо вядуцца.
Мінуў год. Будаўніцтва храму, аб які зламалі столькі коп'яў, у самым разгары. І ідзе досыць актыўна.
– Будаўнікі ўжо ўзводзяць другі паверх царквы, – паведаміў рэгіянальны каардынатар грамадзкай экалягічнай інспэкцыі «Зялёны дазор», жыхар суседняга хутару Ігар Пастухоў.
На пагорку ў малалюднай вёсцы Станчыкі, якая згубілася сярод лесу, паўстане ня толькі храм у гонар абраза Божай Маці «Жываносная крыніца». Непадалёк ад яго запраектаваныя званіца са сьвячным шапікам і надкалодзежная капліца. Будзе таксама ўваходная брама – з боку вёскі. Акрамя таго, праект прадугледжвае побач з царквой падворак і дзіцячы аздараўленчы лягер.
Гэтыя здымкі паказваюць зьмены, якія адбыліся на аб'екце за год. На першым фота – пустая пляцоўка пад забудову ў лістападзе 2015 году. На другім – праз год з-за плота ўжо добра відаць новабудоўля.
Месца, якое адвялі пад будоўлю, належыць да асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў. Тут расьлі дрэвы. Увосень 2015 году іх перасадзілі ў іншае месца, па-за будпляцоўкай. Але зрабілі гэта, на думку эколяга, з парушэньнем.
– Каля 50 соснаў векам да 7-10 гадоў высеклі або выразалі рыдлёўкамі і перасадзілі за плотам аб'екту, на тэрыторыі заказьніку «Швакшты», – распавёў Ігар Пастухоў. – Пры гэтым Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя дало згоду на будаўніцтва царквы, але з умовай – падчас работ не павінны выдаляць аб'екты расьліннага сьвету.
Большасьць перасаджаных дрэваў высахла.
– Сосны можна перасаджваць толькі да двух гадоў, больш старэйшыя дрэвы не прыжываюцца, – тлумачыць спэцыяліст.
Год таму Ігар Пастухоў дэманстраваў журналістам, як перасадзілі хвоі: іх можна было лёгка дастаць зь зямлі.
Выгляд гэтых самых дрэваў праз год.
Возера Балдук – унікальнае для Беларусі: яно слабапраточнае, і каб вада ў ім цалкам абнавілася, трэба 30 гадоў. У ідэале: чым менш людзей у гэтым запаведным краі, тым лепш.
Ад пагорка з храмам да берагу Балдук – прыкладна паўкілямэтра. І эколягі ўпэўненыя, што і без таго высокая антрапагенная (то бок узьніклая ў выніку дзейнасьці чалавека) нагрузка на возера павялічыцца. І яно можа загінуць. Першая прыкмета дэградацыі яго экасыстэмы – «цьвіценьне» вады – ужо назіраецца.
Від на возера Балдук.
Тацяна Мацьвеева, news.tut.by