Ад 3-га да 27-га верасьня ў Віцебску пройдзе грамадзкае абмеркаваньне архітэктурна-пляніровачнай канцэпцыі эскізу будаўніцтва футбольнага манэжу дзіцяча-юнацкай школы ФК “Віцебск”. Манэж мяркуюць пабудаваць на праспэкце Люднікава ў раёне ЦСК “Віцебск”. Прыблізны кошт будаўніцтва – 5 млн. 547 тыс. рублёў.

Толькі чатыры з 23-х афіцыйных сайтаў райвыканкамаў на Віцебшчыне маюць беларускамоўную вэрсію. Атрымаць інфармацыю па-беларуску можна на сайтах Віцебскага, Полацкага, Глыбоцкага і Лёзьненскага райвыканкамаў. На ўсіх астатніх яна падаецца толькі на расейскай і ангельскай мовах. Распрацоўшчык гэтых рэсурсаў – кампанія БелТА.

Зь 1 верасьня зноў падвышаюцца кошты на навучаньне ў вышэйшых навучальных установах для студэнтаў-платнікаў. Гэтак, віцебскія ВНУ падвысілі гадавы кошт навучаньня ў сярэднім на 300-400 рублёў.

У Браславе па падазрэньні ў карупцыі затрыманыя Ўладзімер і Алена Дранеўскія – старшыня Браслаўскага раённага выканаўчага камітэту і начальнік аддзелу эканомікі райвыканкаму, адпаведна.

Выпадак здарыўся ў Барані (Аршанскі раён). Грамадзянін Аляксандар Мухін зьвярнуўся ў міліцыю з заявай пра крадзеж гарачай вады з крана. Каб зафіксаваць факт здарэньня, міліцыянт на выклік прыбыў. Але не адзін, а ў суправаджэньні траіх санітараў.