Як выказалася старшыня раённай арганізацыі "Белая Русь" і начальнік аддзела адукацыі Таццяны Гаўрылава, неабходнасць стварэння палітычнай партыі ў краіне быццам адчувалася даўно, і для вырашэння гэтай задачы былі зробленыя канкрэтныя крокі, падрыхтаваны пэўны падмурак.
“І сёння, калі грамадзянская супольнасць у краіне з'яўляецца дастаткова сталай для таго, каб будаваць партыйную сістэму, ёсць неабходнасць у моцнай палітычнай партыі, якая будзе выказваць і абараняць інтарэсы беларускага народа і дзяржавы”, - сказала чыноўніца.
Падчас устаноўчага з'езда па стварэнні партыі з працоўнай назвай «Беларуская палітычная партыя «Белая Русь» ад Глыбоцкага раёна прысутныя ў залі вырашылі накіраваць Таццяну Гаўрылаву, старшыню Глыбоцкай раённай арганізацыі «Белая Русь» і начальніка аддзела адукацыі, таксама Веру Цяліцу, старшыню Глыбоцкага савета дэпутатаў, і дырэктара філіяла "Глыбоцкія электрычныя сеткі" Алега Апяцёнка. Вядома, а як жа інакш, бо ў залі галасавалі ў асноўным падначаленыя гэтых кандыдатаў, а менавіта сярод іх было шмат дырэктараў школ, настаўнікаў, культурных работнікаў ды іншых. А за іх галасаваннем пільна сачыла, нават бачна гэта па фота з падзеі, намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяна Тарасевіч.
Як піша “раёнка”, ва ўстаноўчым з'ездзе, дзе будзе створана новая праўладная партыя, прымуць удзел каля тысячы дэлегатаў. Ён пройдзе 18 сакавіка ў Менску.
Інга Сташэўская