Медыяцэнтр урачыста адчынілі 10-га лютага ў памяшканні рэдакцыі абласной газеты «Витебские вести». У ліку запрошаных былі міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, старшыня ГА «Белорусский союз журналистов» Андрэй Крывашэеў, прадстаўнікі абласных, гарадскіх і раённых уладаў. І ўсе яны, кожны на сваім узроўні, выказвалі спадзяванні, што медыяцэнтр паспрыяе ідэалагічнаму выхаванню жыхароў Віцебшчыны і навучыць журналістаў трансляваць інфармацыю такім чынам, каб задаволіць густы яе спажыўцоў, якія ўжо даўно не вераць дзяржаўнай прэсе.

Летась на Пастаўшчыне зарэгістравана 19 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У выніку іх адзін чалавек загінуў і 5 атрымалі цяжкія траўмы. Такія вынікі агучыў пракурор Пастаўскага раёна Аляксандр Козіч на пасяджэнні райвыканкама, а таксама распавёў пра сітуацыю са злачыннасцю на Пастаўшчыне ды іншае.

На сайце "Пастаўскі край” выйшла інтэрв’ю з загадчыцай паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Таццянай Дацэнка, якое аказалася вельмі папулярнай навіной. Артыкул сайта набраў больш за 600 праглядаў. Чаму ён стаў найбольш папулярным? Усё проста - там гучалі сацыяльныя пытанні, якія вельмі хвалююць пастаўчан, гэта ж не артыкул якога-небудзь ідэалагічнага накірунку. А менавіта: калі ў паліклініцы пачне прымаць Лор, чаму да вузкага спецыяліста можна трапіць толькі са згоды лекара агульнай практыцы і як зрабіць так, каб людзі не “штурмавалі” кожны ранак рэгістратуру ў пошуках талона да вузкага спецыяліста.

У Глыбоцкім аддзеле Дэпартамента аховы 7 лютага адбылося так званае адкрыццё Тыдня добраахвотных дружын і моладзевага атрада аховы правапарадку. Семінар-нараду ўзначальвалі начальнік аддзела ўнутраных спраў Глыбоцкага райвыканкама Сяргей Стэльмах, які, дарэчы, не так даўно быў прызначаны на гэтую пасаду.

Яшчэ зусім нядаўна больш як 30 расонскіх аграсядзіб чакалі гасцей, а іх гаспадары мелі магчымасць зарабіць грошы для сем’яў і на развіццё прыватнага бізнесу. Але змены ў заканадаўстве, прынятыя ў апошнія гады, карэнным чынам паўплывалі на магчымасці людзей утрымліваць турыстычную гаспадарку. Аграсядзібаў засталося ўсяго 7. Як цвердзяць у райвыканкаме, у гэтай справе засталіся самыя апантаныя і дасведчаныя гаспадары. Але найхутчэй тыя, хто ўжо даўно і трывала «стаіць на нагах», і мае сродкі на задавальненне ўсё новых прэтэнзій з боку дзяржавы.