У Крымінальным кодэксе чакаюцца змены: нараўне з пакараннем за злачынства па прысудзе суда мяркуецца прымусовае лячэнне педафілаў - ажну да хімічнай кастрацыі. Адпаведны законапраект падрыхтаваны МУС па прапанове Генпракуратуры.

Паводле дадзеных мытных органаў, планавае заданне, даведзенае сістэме мытных органаў на 1 паўгоддзе 2023 года, быццам выканана на 116,4 працэнта. У бюджэт краіны паступіла больш за 6 млрд 500 млн рублёў. З іх амаль 350 млн. рублёў прыпадае на Віцебскую мытню.

Праваахоўныя органы адкрылі сезон "палявання" за жыхарамі Віцебскай вобласці, якія актыўна прадастаўляюць паслугі па абароце крыптавалюты. Цяпер выяўлены тры выпадкі парушэння Дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі" для фізічных асоб. Згодна з гэтым дакументам для нерэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій прадпрымальніцкая дзейнасць па абароце крыптавалюты забаронена. У адпаведнасці з заканадаўчымі актамі такая дзейнасць з'яўляецца незаконнай і караецца штрафам у 50 базавых велічыняў з канфіскацыяй усяго атрыманага даходу.

Усе раёны Віцебшчыне, як па камандзе зверху, апошнім часам занепакоеныя адной важнай для іх  тэмай – тэмай дэмаграфіі. Дэмаграфічная сітуацыя ў Браслаўскім раёне стала таксама галоўнай тэмай абмеркавання ў рамках сустрэчы інфармацыйнай групы на чале са старшынём райвыканкама Вячаславам Грышчанкам з калектывам філіяла ДРБУ-142.

Новаўвядзенне чакае школьнікаў з 1 верасня. Да першага абавязковага элемента школьнага адзення, уведзенага летась, дадаецца другі. Яго кожная ўстанова вызначае самастойна – па сумесным рашэнні адміністрацыі, вучняў, бацькоў. Улады абяцаюць, што гэта пакуль усё і нічога новага дадаваць не будуць.