Мясьніковіч падчас наведваньня ААТ “КІМ”: Нельга вечна жыць за чужы кошт
Трыкатажнае прадпрыемства ААТ “КІМ” (Віцебск) можа быць далучанае да віцебскага ААТ “Сьвітанак”. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч 16 ліпеня падчас наведваньня віцебскага прадпрыемства. Зараз ААТ “КІМ” зьяўляецца стратным і ўстойліва неплацежаздольным з-за фактычнага поўнага зносу абсталяваньня, нізкіх аб’ёмаў вытворчасьці, значных даўгавых абавязальніцтваў і недахопу абаротных сродкаў, што не дазваляе своечасова закупляць сыравіну, фарбавальнікі, хімікаты, разьлічыцца за энэргарэсурсы.
Галоўнаму архітэктару Віцебску пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі
Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу супраць галоўнага архітэктара Віцебску Віталя Дубіка. Яго падазраюць у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.426 КК (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Пракуратура лічыць, што закон быў парушаны падчас выкананьні работ па капітальным рамонце і мадэрнізацыі гаспадарчага корпусу ГУ «Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Я. Коласа». Паводле акту праверкі, сума шкоды склала больш за 149 млн. рублёў, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.
Успышка афрыканскай чумы сьвіней на Віцебшчыне афіцыйна пацьверджаная
Як паведамілі “Інтэрфаксу” ў расейскім “Россельхознадзоры” са спасылкай на беларускіх калегаў, захворваньне пацьверджанае ў Віцебскай вобласьці. “У цяперашні час рыхтуем дакумэнты на абмежаваньне паставак жывых сьвіней, сьвініны, гатовай прадукцыі і кармоў для сьвіней з гэтай вобласьці”, - паведаміў прадстаўнік расейскага ведамства. Раней гэтая мера была ўведзеная ў дачыненьні да паставак з Гарадзенскай вобласьці, дзе быў выяўлены першы ачаг АЧС.
Пракуратура: Андрэй Гайдукоў спрабаваў працаваць на ЦРУ
Асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі Андрэй Гайдукоў хацеў стаць агентам ЦРУ ЗША. Спробу ўстанавіць кантакт з амэрыканскай спэцслужбай ён распачаў у жніўні 2012 году, паведаміў першы намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці Аляксандар Сідаровіч: “У жніўні 2012 году ў спэцслужбу паступіла апэратыўная інфармацыя пра тое, што грамадзянін Беларусі хоча ўстанавіць сувязь з адной з разьведслужбаў”.
Саветам дэпутатаў і выканкамам ёсьць што хаваць ад БНФ?
Службоўцы віцебскага абл- і гарвыканкамаў, абласнога і гарадзкога саветаў дэпутатаў не задаволілі просьбу старшыні партыі БНФ вобласьці Леаніда Аўтухова аб тым, каб сябры партыі маглі прысутнічаць на паседжаньнях згаданых ворганаў улады. Прычына: маўляў, няма прававых падстаў для пастаяннага ўдзелу прадстаўніка партыі БНФ у паседжаньнях.