Нечаканы ідэалагічны паварот: у Віцебскім раёне плануюць надаваць установам імёны славутых землякоў, а не толькі герояў мінулай вайны
Пэўным дысанансам са звыклай ужо завядзёнкай ушаноўваць памяць герояў Вялікай Айчыннай прагучала прапанова старшыні Віцебскага райсавета народных дэпутатаў Віктара Дарожкіна называць бібліятэкі і мастацкія школы імёнамі славутых землякоў – беларускіх мастакоў і пісьменнікаў. Гэтую ён агучыў на пасяджэнні прэзідыума райсавета, дзе абмяркоўваліся планы мерапрыемстваў да 100-годдзя ўтварэння Віцебскага раёна. «Глава депутатского корпуса Придвинья предложил активизировать изучение не только военного периода, но и мирной жизни, что очень важно в год празднования 100-летия образования Витебского района», - цытуе спадара Дарожкіна гарадская газета «Віцьбічы».
У Оршы для расчысткі снегу задзейнічалі былых крымінальнікаў. На чарзе – асуджаныя па «адміністратыўцы»?
«Аршанская газета» распавяла пра «новую практыку ў выхаваўчай рабоце», якую прымяніла мясцовая крымінальна-выканаўчая інспекцыя. У гэтай установе бяруць на адмысловы ўлік тых, хто вызваліўся пасля адбыцця пакарання за крымінальныя злачынствы. Інспектары сочаць, каб былыя зняволеныя ўладкоўваліся на працу і не парушалі грамадскі парадак. Тых, хто яшчэ не працаўладкаваны, супрацоўнікі КВІ і заклікалі «на добраахвотнай аснове» узяць удзел у расчыстцы снегу каля аршанскага этнаграфічнага музея.
На Віцебшчыне працягваецца рост смяротнасці ад віруса імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ)
У 2023 годзе стала вядома пра 120 новых выпадкаў ВІЧ, пры гэтым у 2022 годзе быў зафіксаваны 91 новы выпадак. Год ад года гэты паказчык вырас на 32 працэнты. За мінулы год у Віцебскай вобласці ад гэтай хваробы памёр 61 чалавек (у 2022 - 44), г.зн. смяротнасць павялічылася на 39%.
У Полацкай гарадской бальніцы бракуе трэцяй часткі персаналу, але кіраўніцтва робіць выгляд, што ўсё ў парадку
Ва ўстанове аховы здароўя «Полацкая ЦГБ» прайшло пасяджэнне выніковага медыка-санітарнага савета. На ім падсумоўвалі вынікі працы за 2023г., якая была накіравана на "забеспячэнне даступнасці меддапамогі, санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту ў рэгіёне, эфектыўнасці медпаслуг, павышэнне кадравага патэнцыялу". З апошнім атрымаўся поўны канфуз: паводле справаздачы кіраўніцтва, укамплектаванасць бальніцы па фізічных асобах складае усяго 62,6%, па штатных адзінках – 91,75%. На практыцы гэта азначае, што замест трох адмыслоўцаў пэўнага профілю працуе адзін, а то і ўвогуле ва ўстанове няма патрэбных спецыялістаў.
Трактарысты і зваршчыкі краіне не патрэбны. Даеш болей міліцыянтаў!
Вельмі дзіўная імпрэза пра прафесійнай арыентацыі прайшла ў Дубровенскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Тады як паўсюдна гавораць пра неабходнасць гадаваць кадры для сельскай гаспадаркі, каб моладзь заставалася працаваць на сяле, навучэнцаў дубровенскага каледжа і старшакласнікаў мясцовай сярэдняй школы агітавалі ісці ў міліцыянты. На сустрэчу з маладымі людзьмі прыехалі прадстаўнікі аддзелаў кадраў розных міліцэйскіх падраздзяленняў, супрацоўнікі АМАПа і ДАІ. Усе яны агітавалі хлопцаў і дзяўчат папоўніць шэрагі сваіх структур.