Пятніца, 09 Студзень 2026

Яшчэ траіх жыхароў Віцебшчыны прызналі “экстрэмістамі”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сёння на сайце МУС аднавіўся спіс асобаў, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці” . З яго стала вядома пра яшчэ траіх жыхароў Віцебскай вобласці, асуджаных паводле  арт. 361-4 (Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці) па так званая “Справе Гаюна”.

У спіс на сайце ведамства ўключаны:
- Кацярына Жукава з Віцебску. Справу 45-гадовай жанчыны разбіраў Віцебскі абласны суд, яе прызналі вінаватай паводле ч.1 арт. 361-4 КК РБ і асудзілі да “хатняй хіміі”. Затрымалі Кацярыну ў канцы верасня мінулага году.
- Іван Толкач – 39-гадовы жыхар Віцебску. Яго справу таксама разбіраў Віцебскі абласны суд, мужчыну  прызналі вінаватым паводле чч.1 і 2 арт. 361-4 КК РБ. Ен таксама асуджаны  да “хатняй хіміі”.
- Алена Логінава – 41-гадовая жыхарка Наваполацка. І яе асудзілі ў Віцебскім абласным судзе, прызнаўшы вінаватай паводле чч.1 і 2 арт. 361-4 КК РБ. Пакаранне – таксама “хатняя хімія”.

Беларускі Гаюн" - незалежны маніторынгавы праект, які адсочваў перамяшчэнне расійскіх і беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Канал аператыўна збіраў і аналізаваў даныя, адпраўленыя жыхарамі краіны. Улады Беларусі аб'явілі яго "экстрэмісцкім фарміраваннем" яшчэ ў 2022 годзе.

У лютым 2025 года яго заснавальнік Антон Матолька аб'явіў аб спыненні працы пасля таго як невядомыя ўзламалі чат-бот тэлеграм-канала праекта. Ён зазначыў, што людзі, якія дасылалі інфармацыю, і якая можа іх ідэнтыфікаваць, або пісалі з акаўнтаў, якія могуць іх ідэнтыфікаваць, знаходзяцца пад пагрозай. Ён параіў тым, хто карыстаецца сваім акаўнтам у тэлеграме доўгі час, выдаліць яго і стварыць новы.

У Беларусі ўжо каля года ідуць затрыманні па так званай "Справе Гаюна", судзжаны па ёй жо некалькі дзесяткаў тых, хто дасылаў у чат-бот паведамленні або здымкі. 

Большасць затрыманых і асуджаных - мужчыны, але ёсць і жанчыны, у тым ліку пенсійнага ўзросту. Вядомыя прысуды - ад паўтара года "хатняй хіміі" (абмежаванні свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы ведаюць пра выпадкі жорсткага абыходжання і катаванняў у дачыненні да некаторых фігурантаў.

"Кіберпартызаны" выпусцілі расследаванне, у якім падрабязна расказваюць аб тым, як міліцыя можа вылічыць людзей, якія пісалі ў бот "Гаюна".

Аляксей Вавілаў