Якую суму плануецца выдаткаваць на ўвасабленне ініцыятываў, не паведамляюць. Летась гэта было 400 тысяч рублёў. Фінансаванне кожны з 11-ці праектаў атрымаў, у прынцыпе, невялікае. Але куды яго падзелі, раз праект не выкананы?
Да прыкладу, мы паведамлялі пра дзіўную ініцыятыву “Выратуем парк” , які мусіў быць рэалізаваны ў вёсцы Казловічы Аршанскага раёна. На яго было выдаткавана 18 тысяч рублёў з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Але ў раёне няма такой вёскі, і тым больш ніхто не чуў пра тамтэйшы парк, які вымагае выратавання.
Яшчэ адзін праект, запланаваны да рэалізацыі ў Аршанскім раёне, а дакладней , у Оршы, - гэта помнік ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Грамадскасць ідэю вельмі ўхваліла, бо помніка ў гонар герояў-ліквідатараў на Віцебшчыне дагэтуль не было. На ўвасабленне праекта было выдаткавана 36 тысяч рублёў. Але помніка так і няма. Адзінае , што зроблена, - гэта конкурс на эскіз помніка, праведзены Аршанскім райвыканкамам. Патрабаванні да ўдзельнікаў былі высунуты досыць спрэчныя: помнікам мусіць стаць выява пажарнага, якую трэба размясціць на памятным знаку паблізу ад пажарнай часткі. У любым выпадку – і такоега помніка няма.
У лік пераможцаў быў вылучаны праект “Новае жыццё валуна “Вялікі камень”, і рэалізаваць яго планавалася ў Шумілінскім раёне. Там, каля вескі Горкі, сапраўды ёсць помнік прыроды – вялікі валун. Калі верыць газеце “Беларусь сегодня”, то ўвасабленне праекта ідзе поўным ходам: вакол добраўпарадкавалі тэрыторыю, паставілі альтанку і інфармацыйны знак. Але ж у праекце было напісана, што на выдаткаваныя 20 тысяч рублёў распрацуюць праграму віртуальнай рэальнасці і закупяць VR-акуляры. Нічога не чуваць і пра яшчэ адзін праект – устаноўку аглядальнай вышкі каля вёскі Вішня Шумілінскага раёна....
Далёка не пра ўсе леташнія праекты, патрыманыя мясцовымі ўладамі, можна знайсці хоць нейкую інфармацыю. Хаця, нагадаем, на іх увасабленне выдаткоўваліся бюджэтныя грошы. Перад тым, хто “укладаецца” у бюджэт, улады трымаць справаздачу не збіраюцца. Аднак ужо абвясцілі новы конкурс для ахвотных падзяліць грошы.
Марыя Лісава