Панядзелак, 24 Сакавік 2025

Віцебская міліцыя папярэджвае пра адказнасць за несанкцыянаваныя мерапрыемствы 25 сакавіка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На Telegram-канале “Милиция Витебщины” і на афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкама апублікавалі папярэджанні пра адміністрацыйную адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных месавых мерапрыемствах і за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі. Інфармацыя відавочна разлічана на тое, каб запалохаць землякоў, якія могуць сабрацца, каб адзначыць Дзень Волі.

Яшчэ некалькі год таму ў Віцебску гэтае свята адзначалі. Не было ўрачыстых сходаў і мітынгаў, але віцебляне ў гэты дзень хадзілі ўскладаць кветкі да гарадскіх помнікаў - да скульптуры князя Альгерда, да мемарыяльнай дошкі Васілю Быкаву, да помніка Уладзіміру Караткевічу. Супрацоўнікі міліцыі пільна сачылі за невялікімі групамі, якія ішлі па горадзе з кветкамі (маршрут з наведаннем трох памятных мясцін складае каля 2 км). Спробы разгарнуць сцягі сканчваліся адміністрацыйнымі справамі.

Пасля рэпрэсій 2020 года Дзень Волі ў Віцебску публічна не адзначалі. Але міліцыя, падобна, вырашыла чарговы раз падстрахавацца.

Можна, канешне, чыста гіпатэтычна сабе ўявіць, што 25 сакавіка на вуліцы могуць выйсці прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, каб адсвяткаваць ягонае афіцыйнае ўступленне на прэзідэнцкую пасаду... Але вось чаго-чаго, а такога кшталту несанкцыянаваных акцый у Віцебску ніколі не было.  Тым болей - наступных судоў за мерапрыемствы з чырвона-зяленымі сцягамі.

Аляксандр Бобчынскі